Мастаба (араб., літаральна — «каменная лава») — сучасная назва старажытнаегіпецкіх грабніц дадынастычнага перыяду, эпох Ранняга (каля 3000 — каля 2800 да н.э.) і Старога (каля 2800 — каля 2250 да н.э.) царстваў.
Самі старажытныя егіпцяне называлі грабніцы пер-джэт (егіп. pr-ḏt) — літаральна «дом вечнасці».
Мастаба складаецца з наземнай (прамавугольная ў плане з нахіленымі да цэнтра сценамі пад плоскім дахам) і падземнай (пахавальная камера з адным ці некалькімі памяшканнямі) пабудоў, злучаных шахтай.
У перыяд IV дынастыі мастабы набылі класічную форму: зверху — строгі аб'ём з гладкімі сценамі, унутры — складаная планіроўка залаў, калідораў, дзе размяшчаліся саркафаг з муміяй, статуі (умяшчальня душ памерлых), пахавальныя рэчы; сцены ўпрыгожваліся рэльефамі і роспісамі.
Найбольш вядомы мастабы ў царскім некропалі паблізу горада Гіза (Егіпет).