Маямі (народ)

Маямі
Myaamiaki
Правадыр маямі, малюнак 1827 г.
Агульная колькасць 2900
Рэгіёны пражывання  ЗША
Мова маямі-ілінойс
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы індзейцы-ілінойс, атава, патаватомі, месквакі, маскутэн

Маямі (саманазва: Myaamiaki) — алганкінскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Агульная колькасць (2016 г.) — 2 900 чал.[1]

Да прыходу еўрапейцаў маямі межавалі з канфедэрацыяй Ілінойс, падтрымлівалі земляробчыя традыцыі Місісіпскай цывілізацыі. У XVII ст. з-за ваенных сутычак з іракезамі пачалі міграцыю на ўсход. Яна працягвалася да сярэдзіны XVIII ст. У выніку маямі аселі на землях, што прылягалі да сучаснага штата Вермонт. Разам з маямі перасяляліся часткі Ілінойс.

У XVIII ст. маямі ўяўлялі сабою канфедэрацыю з 6 аб’яднанняў:

  • Вялікія маямі
  • Кілатыка
  • Менгаконія
  • Пэпікокія
  • Піянкешаў
  • Вея

З сярэдзіны XVII ст. мелі кантакты з французамі. Ваенны і гандлёвы саюз з французскімі місіянерамі і ваеннымі з’яўляўся важным у барацьбе з іракезамі. Пасля Сямігадовай вайны трапілі пад уплыў Вялікабрытаніі.

Падчас Амерыканскай рэвалюцыі частка маямі падтрымала амерыканскіх паўстанцаў, частка — Вялікабрытанію. Пасля заканчэння вайны за незалежнасць ЗША правадыр Малая Чарапаха ўзначаліў супольныя сілы індзейцаў-прыхільнікаў лаялізму. У 1790 г. і ў 1791 г. нанёс буйныя паражэнні арміі ЗША. У 1794 г. маямі былі разбіты і страцілі значную частку сваіх тэрыторый. У вайне 1812—1814 гг. былі саюзнікамі брытанцаў.

Сутычкі з арміяй ЗША працягваліся да 1826 г., калі было заключана мірнае пагадненне, што прадугледжвала страту племянных зямель. Аднак маямі, што валодалі зямлёй як прыватныя ўласнікі, здолелі захаваць свае надзелы. У 1846 г. маямі фактычна былі падзелены. Прыватныя ўласнікі былі астаўлены на папярэднім месцы жыхарства. Яны пераважна жылі ў Індыяне. Астатнія перамешчаны на тэрыторыю сучаснага штата Аклахома.

У нашы дні племя маямі ў Аклахоме з’яўляецца афіцыйна прызнаным урадам ЗША, мае сваю Канстытуцыю і органы кіравання. У Індыяне дзейнічае задзіночанне Нацыя маямі, якая вядзе актыўную сацыяльную і палітычную дзейнасць, аднак не прызнана ўрадам ЗША ў якасці індзейскай меншасці.

Зноскі