Замак | |
Медніцкі замак | |
---|---|
54°32′22″ пн. ш. 25°39′00″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Першае згадванне | 1385 |
Матэрыял | цэгла |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Медніцкі замак — сярэднявечнае фартыфікацыйнае збудаванне ў пасёлку Меднікі (Мядзінінкай) Вільнюскага раёна Літвы. Размешчаны за 2 км ад дзяржаўнай мяжы з Беларуссю. Найвялікшы замак-кастэль Вялікага Княства Літоўскага, адзін з першых мураваных замкаў дзяржавы.
Найбольш пашыранае датаванне замка — першая палова XIV ст., полюсныя версіі — канец XIII ст. (С. Абрамаўскас, Ё. Глямжа) і пасля 1380 года (А. Жалнерус). Узведзены на штучным насыпе пасярод вільготнага лугу. У паўночнай частцы лугу ў культурным пласце выяўлены рэшткі шчыльнай драўлянай забудовы вакольнага горада. Плошча дзядзінца — 1,85 га, разам з абарончымі ровам (глыбінёй 6—7 м) і валамі плошча фартыфікацыйнага комплексу складае 6,5 га. Даўжыня заходняга муру — 149,7 м, паўночнага — 128,7 м, усходняга — 161,2 м, паўднёвага — 127,7 м. Сцены мелі вышыню 14—15 м, таўшчыню ў ніжняй частцы 1,9 м. На вышыні 11 метраў знаходзілася баявая галерэя, якая налічвала 280 байніц. У мурах былі гатычныя спічастыя праёмы — у паўночным і паўднёвых мурах былі зроблены т.зв. верхнія брамы, паднятыя на вышыню прыкладна 5 м. Трапіць праз іх у замак можна было толькі па адкідных мастах. Ва ўсходнім і заходнім мурах знаходзіліся ніжнія (на ўзроўні паверхні зямлі) брамы. У паўночна-ўсходнім вугле ўзведзена вежа-данжон, дасягала вышыні 30 м, у плане 14,2×15,4 м, выступае за лінію муроў, таўшчыня сцен — 2,5—3 м. Мела 5 ярусаў, з якіх 3 верхнія былі жылыя. Іншыя тры вежы абаранялі ўваходы ў замак. Вялікая колькасць уваходаў, відаць, звязана з функцыяй замка як «фольксбурга» — замка, куды падчас нападаў збягалася навакольнае насельніцтва. Лінію муроў атачаў роў і два земляныя валы. Асноўны будаўнічы матэрыял — палявыя валуны на вапнава-пясчанай рошчыне. Завяршэнне муроў, вуглы веж, аркі дзвярных і аконных праёмаў, байніцы зроблены з цэглы, пакладзенай у тэхніцы балтыйскай муроўкі. У дэкаратыўных мэтах на сценах зроблены цагляныя аблямовачныя паясы. На дзядзінцы знаходзіліся драўляныя жыллёвыя і гаспадарчыя будынкі[1].
Па планіроўцы і будаўнічай тэхніцы замак блізкі да Лідскага і Крэўскага замкаў.
У данжоне выяўлены фрагменты сценапісу, тыпалагічна блізкія да фрэсак, знойдзеных у Крэўскім замку. Фрэскі зроблены пад візантыйскім уплывам, атаясняюцца з «пскоўскай школай»[2].
Пэўная дата пабудовы замка невядома.
Уладзіслаў Сыракомля згадвае, што каля Крэўскага замка ён чуў паданне, што
будавала яго нейкае племя багоў ці веліканаў, такіх моцных, што муляры працавалі адначасова ў Медніках і Крэве, і калі трэба было пазычыць молаты, то перакідвалі іх на чатыры мілі[3].
У «Хроніцы польскай, Літвы, жмудскай і ўсёй Русі» (выдадзена ў 1582 годзе) Мацея Стрыйкоўскага, каноніка касцёла ў Медніках у 1579—1586 гадах, Меднікі ўпамінаюцца ў часы ўладарства Віценя (у 1311 і 1313 гадах), але вялося хутчэй ішла пра аднайменны замак у Жамойці[4].
Паводле Тэадора Нарбута, Меднікі належалі вялікаму князю Альгерду: «Вялікі князь, як не ідзе з войскам, бо штовесну адбываюцца выправы вайсковыя, жыве летам у замку, на ўсход ад Вільні, што Меднікі называецца»[5].
Тут любіла бываць яго жонка Ульяна. Блізкасць да сталіцы прадвызначыла як зручнасць Меднікаў, так і стварыла дадатковыя праблемы — сюды даходзілі крыжакі. У 1385 годзе вялікі магістр Конрад фон Ротэнштайн дэманстратыўна зладзіў пад мурамі рыцарскі турнір, але пра здабыццё замка не паведамляецца: «Перад Меднікамі правялі вайсковыя вучэнні ў гонар святога Георгія. І заставаліся там чатыры тыдні, не зважаючы на супраціў язычнікаў з Ашмян».[6]
У 1402 годзе нямецкіх саюзнікаў навёў на Меднікі князь Свідрыгайла. У той год, праўдападобна, былі спалены драўляныя ўмацаванні замка і вакольны горад Меднікаў.
Пасля Грунвальдскай бітвы замак страціў ваеннае значэнне і занепадаў.
Медніцкі замак згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў» (дадатку да наўгародскага летапісу). Створаны гэты спіс, хутчэй за ўсё, у 1421—1425 гады[7].
Паводле Сыракомлі, тут была летняя рэзідэнцыя Казіміра Ягелончыка. Польскі кароль і вялікі князь літоўскі, які жыў у Польшчы і Літве, не хацеў трымаць сваіх дзяцей у сталічным шуме. Як толькі прыязджаў у Вільню, то чацвёра дзяцей (Ян Ольбрахт, Аляксандр, Жыгімонт і Казімір) разам са сваім настаўнікам, вядомым польскім гісторыкам Янам Длугашам, спыняліся ў Медніках[3]. Паводле Нарбута, тут і памёр каралевіч Казімір, хоць паводле большасці крыніц гэта здарылася ў Вільні. Паводле Кіркора, было паданне, што ў капліцы замка спачывалі мошчы святога каралевіча Казіміра перад тым, як былі перанесены ў адмыслова пабудаваную капліцу ў Віленскім кафедральным саборы[8].
У студзені 1495 года праз Меднікі праязджала вялікая княгіня Алена Іванаўна, дарогай у Вільню для заключэння шлюбу з Аляксандрам Ягелончыкам[9].
Паводле Сігізмунда Герберштэйна, у 1517 годзе Медніцкі замак, як і суседні Крэўскі, быў закінуты[10]. У 1519 годзе замак быў яшчэ больш разбураны маскоўскімі войскамі, якія шлі ад Менска да Вільні.
У 1812 годзе драўляныя пабудовы разабраны наступаючымі французскімі войскамі.
Паводле апісання Адама Ганорыя Кіркора ў 1854 годзе:
Цяперашнія разваліны складаюць чатырохвугольную каменную сцяну з кірпіча і камянёў, даўжынёю каля 249 аршынаў, шырынёю 195, вышынёю 19. Унутры прасторны пляц, які змяшчаў усе пабудовы замка, якія, мабыць, былі драўлянымі. На паўночна-ўсходнім вуглу была чатырохвугольная ў тры паверхі вежа, з якой на кожным паверсе маглі быць па два вялікіх пакоі. Яшчэ ў мінулым годзе я бачыў дубовую лесвіцу, якая вяла на другі паверх. Увесь замак быў аточаны глыбокім рвом.[8]
У 1904 годзе руіны Медніцкага замка замалёўваў Фердынанд Рушчыц. Меднікі пацярпелі падчас Першай сусветнай вайны — немцы разабралі частку заходняга муру, будуючы дарогу.
Археалагічныя і архітэктурныя даследаванні Медніцкага замка праводзіліся віленскімі спецыялістамі ў 1955—1956 і 1960—1962 гадах. А ў канцы 1960-х гадоў была праведзена кансервацыя руін замка, дзякуючы ёй рэшткі захаваліся да 1990-х гадоў. У 1993 годзе распачалася рэканструкцыя вежы-данжона паводле праекту архітэктара Ёнаса Глямжы. Гэтыя працы падтрымліваў Міжнародны фонд аднаўлення Медніцкага замка, створаны Амерыкана-літоўскай асацыяцыяй інжынераў і архітэктараў.
Дзякуючы гранту Еўрасаюза была завершана рэканструкцыя галоўнай вежы і адкрыта там экспазіцыя[11].
Медніцкі замак на Вікісховішчы |