Мескалера (Naashgali Dine'i) | |
Агульная колькасць | 2 900 (2017 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | мескалера-чырыкагуа |
Рэлігія | пеётызм, анімізм, шаманізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | іншыя апачы, наваха |
Мескалера (саманазва: Naashgali Dine'i) — народ з групы апачы, карэнныя жыхары ЗША. Жывуць пераважна ў штаце Нью-Мексіка. Агульная колькасць (2017 г.) - 2900 чал.[1]
Мескалера ўзгадваюцца з сярэдзіны XVI ст., калі іспанскія каланісты і місіянеры сутыкнуліся з паляўнічымі вандроўнымі атабаскамі. Індзейцы зуні называлі іх агульнай назвай апачы (літаральна "ворагі"). Іспанскі дадатак мескалера (ісп.: Mescalero) значыў прыналежнасць да агавы. Гэтая назва тычылася атабаскаў, што насялялі тэрыторыю паміж Рыа-Грандэ і Льяна-Эстакада. У выніку кантактаў з пуэбла і іспанцамі яны асвоілі жывёлагадоўлю і земляробства.
У сярэдзіне XVIII ст. мескалера пацярпелі паражэнне ад каманчаў і былі вымушаны перасяліцца на паўднёвы захад Тэхаса. Пасля набыцця Мексікай незалежнасці ў 1821 г. мясцовыя ўлады імкнуліся падпарадкаваць індзейскія плямёны. Гэта рабілася праз ваеннае ўздзеянне, а таксама праз гандляроў, што захоплівалі тубыльцаў у пазыковае рабства. Хаця кантроль над населенымі мескалера тэрыторыямі ў 1846 г. перайшоў да ЗША, залежнасць ад гандляроў захоўвалася да 1868 г.
27 мая 1873 г. прэзідэнт У. С. Грант падпісаў распараджэнне пра стварэнне для мескалера асобнай рэзервацыі. У 1883 г. яна была перанесена на поўдзень Нью-Мексіка (1873,69 км²). У 1934 г. мескалера атрымалі права на аўтаномію. 25 сакавіка 1936 г. пачала дзейнічаць першая Канстытуцыя нацыі мескалера.
У другой палове XX ст. на тэрыторыі рэзервацыі актыўна развіваецца турызм. Мескалера валодаюць казіно і горна-лыжным курортам.
Асноўнымі заняткамі мескалера здаўна былі паляванне і збіральніцтва. Рыбу і мяса мядзведзяў яны не ўжывалі. Кукурузу і фасолю пераважна куплялі ў пуэбла, хаця ў пісьмовых крыніцах сярод заняткаў узгадваецца і земляробства. У выніку кантактаў з іспанцамі асвоілі конегадоўлю і трыманне кароў. Традыцыйныя рамёствы — апрацоўка скур і драўніны.
Традыцыйныя заняткі вымушалі весці вандроўны і паўвандроўны лад жыцця. Асноўным відам жытла з'яўлялася тыпі. Мескалера жылі пераважна ў малых нуклеарных сем'ях. Часцяком сустракалася палігінія, паколькі мужчыны імкнуліся жаніцца на сёстрах. Пры гэтым жаніх перасяляўся да сваякоў сваіх будучых жонак. Тыпі, а таксама хатняе начынне лічыліся жаночай маёмасцю. Сваякі жанчын удзельнічалі ў выхаванні дзяцей. Сваяцтва перадавалася па жаночай лініі, але мескалера звычайна памяталі і значных продкаў па мужчынскай лініі.
Сваякі па жаночай лініі складалі вандроўную групу з некалькіх сем'яў. Яны аб'ядноўваліся ў больш шматлікія тэрытарыяльныя групы. Усяго іх налічвалася 10. З 1936 г. дзейнічае супольны абраны ўрад.
Захаваліся шматлікія рэлігійныя спевы, казкі, міфы і легенды.
Мова мескалера-чырыкагуа (Ndé Bizaa’) адносіцца да паўднёвай галіны атабаскіх моў. У выніку пашырэння адукацыі і справаводства на англійскай мове колькасць носьбітаў Ndé Bizaa’ доўгі час стала змяншалася. У нашы дні прадпрымаюцца крокі для яе адраджэння[2].
Традыцыйная рэлігія заснавана на веры ў існаванне шматлікіх духаў прыроды. Галоўную ролю адыгрывае постаць духа Стваральніка, у свет якога адпраўляюцца чалавечыя душы пасля смерці. Мескалера таксама высока шануюць духа Сонца. У нашы дні традыцыйныя вераванні развіваюцца ў межах пеётызму. Вялікая колькасць вернікаў спавядае хрысціянства.