Meshkwahkihaki | |
Малюнак XVIII ст.
| |
Агульная колькасць | 4206 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | саўк-месквакі |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | саўк, маямі, кікапу |
Месквакі (саманазва: Meshkwahkihaki , літаральна "з чырвонай зямлі"), таксама вядомыя як фокс (ад англ.: fox "ліса") — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Жывуць пераважна ў штатах Аява, Місуры, Небраска, Канзас і Аклахома. Агульная колькасць (2000 г.) — каля 4 206 чал.
Паводле легенд саміх месквакі, іх продкі ў старажытнасці былі вылеплены з гліны і прыйшлі на ўсход Паўночнай Амерыкі, калі ратаваліся ад голаду. Да пачатку XVII ст. яны насялялі берагі ракі Святога Лаўрэнція і паўночна-усходні бераг возера Антарыа. Вайна з іракезамі моцна саслабіла гэты народ. Але ў XVII ст. алганкінскія плямёны здолелі адсунуць іракезаў на поўдзень дзякуючы падтрымцы з боку французаў. Месквакі перасяліліся на ўсход сучаснага Мічыгана, дзе кантралявалі гандаль паміж французскімі калоніямі Канады і Місісіпі. Французы памылкова называлі іх "лісамі" (фр.: Les Renards) па найменню татэма аднаго з родаў.
У пачатку XVIII ст. імкненне французаў усталяваць на землях месквакі свае ваенныя ўмацаванні прывяло да працяглага канфлікту. У 1714 г. армія французаў і іх саюзнікаў-індзейцаў узяла ў аблогу ўмацаванае паселішча місквакі на тэрыторыі Вісконсіна, аднак з-за адчайнага супраціву была вымушана адступіць са значнымі стратамі. У 1721 г. Людовік XV аддаў загад знішчыць усіх месквакі. У 1730 - 1734 гг. французы і іх саюзнікі здолелі падзяліць адзінае апалчэнне супернікаў і пачалі спусташэнне іх вёсак. Да 1735 г. рэшткі атрадаў месквакі і саюзных ім саўк мігрыравалі на тэрыторыю Аява. Пасля 1830 г. — далей на захад.
Традыцыйнымі заняткамі месквакі былі земляробства, паляванне і гандаль. У канцы XIX - XX ст. сярод іх вылучыўся пласт дробных прадпрымальнікаў. Мужчыны-месквакі падтрымлівалі ваяўнічыя традыцыі свайго народа і служылі ў арміі ЗША, у тым ліку падчас II Сусветнай вайны. У нашы дні месквакі і саўк, што жывуць у рэзервацыях, таксама займаюцца абслугоўваннем турыстычных аб'ектаў.
Месквакі на Вікісховішчы |