Расліна нагадвае маленькі ліст, які плавае на паверхні вады. Трапляецца паасобку, групамі па 2—5 або спіральна закручанымі ланцужкамі з 8 раслінак. Лісцец (недаразвітае сцябло) накшталт пласцінкі даўжынёю 3—10 мм і шырынёю 1,2—8 мм, плоскі, тоўсты, шырокаяйцападобны або круглаваты, іншы раз ныркападобны, з абодвух бакоў з маленькімі лускавінкамі (недаразвітае лісце), знізу часта чырвоны ці чырванавата-фіялетавы. Каля асновы лісцеца — 2 вузкія шчылінападобныя кішэнькі (у іх закладваюцца вегетыўныя пупышкі, якія даюць пачатак даччыным раслінам; іншы раз у адной з кішенек развіваецца суквецце — 2 тычынкавыя і 1 песцікавая кветкі), а знізу ад яго адыходзяць пучкамі па 5—15 фіялетава-пурпуровыя ніткападобныя карэньчыкі (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, без калякветніка, тычынкавыя — з 1 тычынкай, песцікавыя — э 1 песцікам.
Плод (калі ён утвараецца) 1—6-насенны, не раскрываецца.
Расце ў стаячай і павольнай вадзе азёр, сажалак, канаў. Цвіце рэдка, звычайна летам. Зімуе на дне вадаёмаў у выглядзе бура-чырвоных парасткаў, якія выпадаюць з кішэнькі; увесну з іх развіваюцца новыя расліны і ўсплываюць на паверхню вады.
Губанов И. А., Киселёва К. В., Новиков В. С., Тихомиров В. Н.308. Spirodella polyrrhiza (L.) Schleiden — Многокоренник обыкновенный // Иллюстрированный определитель растений Средней России. В 3-х томах. — М.: Т-во науч. изд. КМК, Ин-т технолог. иссл, 2002. — Т. 1. Папоротники, хвощи, плауны, голосеменные, покрытосеменные (однодольные). — С. 410. — ISBN 8-87317-091-6.