| ||||||||||||||
Мо́нмут (англ.: Monmouth, ˈmɒnməθ, вал.: Trefynwy) — гістарычная сталіца графства Монмутшыр на паўднёвым усходзе Уэльса (Вялікабрытанія). Размешчаны ля зліцця ракі Монау з ракой Уай непадалёк ад мяжы краіны. З Монау звязана назва паселішча, «вусце Монау». Валійская назва ракі, Mynwy, азначае «хуткабежная». Горад першапачаткова быў вядомы як Abermynwy («вусце Монау»), потым як Trefynwy («горад Монау» — «м» трансфармавалася ў «ф»), у XVII стагоддзі[2]. У СМІ Монмут вядомы як першы ў свеце «вікіпедыйны горад» («Вікіпедыя-горад»)[3].
Брытанскі савет па археалогіі (Council for British Archaeology) абвясціў Монмут адным з гістарычна першых 10 гарадоў у Вялікабрытаніі[4]. Першым паселішчам ў гэтай мясцовасці быў рымскі форт Блестыум (Blestium); у самым цэнтры горада знойдзены рымскія манеты і кераміка. Паміж II і IV стагоддзямі тут, відаць, апрацоўвалі жалеза, сыравіна для якога паступала з Габаніума (Gobannium) і Арыконіума (Ariconium)[5][6][7].
Пасля заканчэння рымскага валадарства ў Брытаніі, гэта вобласць стала паўднёвай ускраінай валійскага царства Эргінг. Адзінае сведчанне таго, што насельніцтва працягвала існаваць — запіс VII стагоддзя пра царкву ў межах горада, прысвечанай Кадаку Мудраму. У 1056 годзе вобласць была спустошана Грыфідам ап Лівелінам[7].
Пасля заваявання Англіі нарманамі ў 1066 годзе, графства Херэфард было аддадзена саюзніку караля Вільгельма, Вільяму Фіц-Осберну. Ён адказваў за абарону тэрыторыі; быў пабудаваны новы замак для кантролю для пераправамі і рэсурсамі[5]. Першапачаткова гэта быў мот і бейлі, з часам замак быў перабудаваны ў камені і ўмацаваны. Вакол замка вырас горад, каля 1075 года быў заснаваны бенедыкцінскі кляштар[5].
Горад быў запісаны ў Кнігу страшнага суда і працягваў расці. З XII стагоддзя развіваўся прыгарад[5]. Горад займаўся гандлем жалеза, працавалі кузні, якія выкарыстоўваюць мясцовую руду і вугаль[8] .
У 1233 годзе, у час барацьбы прыхільнікаў караля Генрыха III і баронаў, у горадзе абылася буйная бітва. Быў пашыраны замак[5]. Каля 1300 года былі пабудаваны гарадскія сцены і быў умацаваны мост цераз Монау. Цяпер гэта пешаходны мост, адзіны абаронены мост у Вялікабрытаніі і адзін з трох падобных у Еўропе[6][9].
Кароль Эдуард II быў часова пасаджаны ў мясцовы замак пасля звяржэння сваёй жонкай Ізабелай і яе палюбоўнікам Роджэрам Мортымерам[10]. У сярэдзіне XIV стагоддзя замак і горад перайшлі ва ўладу Ланкастэраў.
З XIV стагоддзя ў горадзе сталі вырабляцца ваўняныя монмуцкія шапкі[9]. Аднак дабрабыт памежнага горада пацярпеў пасля нападаў прыхільнікаў Оўайна Гліндура, хоць сам горад і не патрапіў пад напад[7].
У 1605 годзе Якаў I дараваў Монмуту статут горада прывілеем. Горад «на ўсе будучыя часы вечныя … будзе горадам міру і спакою, прыкладам, які будзе пужаць зло і радаваць дабро»[11]. У Монмуце з'явіўся тыповы вулічны рынак, шырокі ў сярэдзіне (для продажу) і вузкі на кожным канцы, для прадухілення ўцёкаў скаціны[7].
Да канца XVIII стагоддзя горад стаў папулярным цэнтрам для наведвальнікаў «Уай Тура», лодкавай экскурсіі па маляўнічай даліне Уай[7]. Сярод іншых гэты раён наведвалі Уільям Уордсварт, Сэмюэл Тэйлар Кольрыдж, Роберт Саўці, Уільям Цёрнер[9][12]
У Монмуце на розных збудаваннях размешчаны шыльды з QR-кодамі праекта QRpedia. Праект атрымаў назву Monmouthpedia. У СМІ Монмут стаў вядомы як першы ў свеце вікіпедыйны горад[3][13].