Мора Усходняе | |
---|---|
Мора Усходняе (лац.: Mare Orientale) — месяцавае мора, размешчанае на заходняй ускраіне бачнага з Зямлі паўшар'я Месяца.
Мора Усходняе мае дыяметр вала каля 930 км[1] і сфармавалася ў выніку ўдару буйнага астэроіда на раннім этапе фармавання Месяца. Селенаграфічныя каардынаты аб'екта — 19°24′ пд. ш. 92°48′ з. д. / 19,4° пд. ш. 92,8° з. д.G[2]. Дакладны ўзрост мора невядомы, аднак мяркуецца, што яно ўтварылася трохі пазней, чым басейн мора Дажджоў, гэта значыць не раней чым 3,85 млрд гадоў таму. Навакольная парода адносіцца да познеімбрыйскага перыяду, у той час як басейн мора складзены пародамі раннеімбрыйскага перыяду.
У адрозненне ад басейнаў іншых месяцавых мораў, Мора Усходняе слаба запоўнена застылай базальтавай лавай, што дазваляе нам назіраць яго марфалагічную структуру. Цэнтральная частка мора пакрыта тонкім пластом базальтаў: меркавана менш за 1 км у таўшчыню, гэта значыць менш магутным, чым у іншых месяцавых мораў на бачным паўшар'і. Сутыкненне, якое прывяло да ўзнікнення мора, выклікала з'яўленне трох канцэнтрычных складчатасцей на месяцавай кары. Унутраная града гэтага вялізнага ўдарнага кратэра сфарміравана гарамі Рук, вонкавы ланцуг дыяметрам 930 км утвараюць горы Кардыльеры. Выкінутая ў выніку сутыкнення горная парода мае грубую брукавую структуру, пачынаецца ў знешніх схілаў Кардыльераў і распасціраецца да 500 км у розныя бакі, фармуючы лінейныя прамянёвыя ўтварэнні, якія сыходзіліся да цэнтра мора.
На супрацьлеглым пункце месяцавай паверхні размешчана Мора Краёвае.
Адным з заліваў Мора Усходняга з'яўляецца возера Вясны, разгляданае як адно з магчымых месцаў для будаўніцтва месяцавай базы[3].
Сучасная назва мора была прапанавана нямецкім астраномам Юліюсам Генрыхам Францам у яго кнізе Der Mond (1906). Аднак англійскі астраном-аматар Патрык Мур у кнізе On the Moon пазней сцвярджаў, што прапанаваў азначаную назву ў 1946 годзе. На працягу 1960-х гадоў былі атрыманы фатаграфічныя выявы дадзенага рэгіёну, якія дазволілі выказаць здагадку, што Мора Усходняе з'яўляецца кратэрам ударнага паходжання.
У гады, калі мора атрымала сваю назву, у дачыненні да Месяца ў астраноміі была прынятая іншая сістэма наймення бакоў святла. Аднак пазней, у 1961 годзе Міжнародным астранамічным саюзам было прынята пагадненне аб змене бакоў Усход—Захад месцамі, такім чынам Мора Усходняе апынулася на заходняй ускраіне бачнага паўшар'я Месяца.