Мора Уэдэла | |
---|---|
Плошча | 2 920 000 км² |
Найбольшая глыбіня | 6820 м |
Катэгорыя на Вікісховішчы |
Мора Уэ́дэла (англ.: Weddell Sea) — ускраіннае мора атлантычнага сектара Паўднёвага акіяна, ля берагоў Заходняй Антарктыды, паміж Антарктычным паўвостравам на захадзе і Зямлёй Котса на ўсходзе. Плошча 2920 тыс. км², пераважныя глыбіні 3 тыс. м, максімальныя — да 6820 м (у паўночнай частцы); паўднёвая і паўднёва-заходняя часткі мелкаводныя (да 500 м). Узімку ў паўднёвай частцы мора вада астуджаецца да -1,8 °С. Паўднёвы бераг уяўляе сабою край шэльфавых леднікоў Ронэ і Фільхнера, ад якіх рэгулярна, раз у 20-25 гадоў, адколваюцца гіганцкія айсбергі. Вялікую частку года пакрыта дрэйфуючымі льдамі таўшчынёй больш за 2 м, шматлікімі айсбергамі. Водзяцца кіты, цюлені. Умовы для суднаходства вельмі неспрыяльныя, нярэдка адбываецца сціск ільдоў.
Адкрыта ў 1823 годзе англійскай экспедыцыяй Джэймса Уэдэла, які назваў яго морам Георга IV; у 1900 годзе мора пераназвана ў гонар яго першаадкрывальніка.
У моры Уэдэла ўвосень 1986 г. нямецкімі вучонымі судна «Полярштэрн» адзначана максімальная велічыня адноснай празрыстасці (79 м), што амаль адпавядае празрыстасці дыстыліраванай вады. Тэарэтычна ў дыстыляванай вадзе дыск Секі павінен знікаць на глыбіні 80 м.[1]
Тут ад шэльфавага ледавіка Фільхнера адкалоўся і сеў на мель у 1986 годзе айсберг A23a плошчай каля 4000 км², які лічыцца самым вялікім у свеце. Айсберг у 2023 годзе ізноў пачаў рух да Паўднёвага акіяна[2].