![]() |
---|
Праявы |
Сексуальныя практыкі |
Абарона & Цацкі |
Пошук партнёра |
Фетышызм |
Мужчыны, якія практыкуюць секс з мужчынамі (МСМ) — тэрмін, які выкарыстоўваецца ў эпідэміялогіі, сацыялогіі, антрапалогіі і сексалогіі для абазначэння мужчын, які ўвесь час або перыядычна практыкуюць сексуальныя кантакты з іншымі мужчынамі. Пры гэтым сексуальная арыентацыя і сексуальная ідэнтычнасць не прымаюцца да ўвагі.[1][2]
Тэрмін «МСМ» з’явіўся ў пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя і выкарыстоўваецца галоўным чынам у вобласці прафілактыкі інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам і ВІЧ-інфекцыі. Прыняццю тэрміна спрыяў пункт гледжання эпідэміёлагаў, паводле якога распаўсюджванне інфекцыйных захворванняў звязана з сексуальнымі паводзінамі чалавека, а не з яго сексуальнай ідэнтычнасцю і сексуальнымі перавагамі[1].
Пасля адкрыцця ВІЧ у розных краінах былі ўведзены апытальныя бланкі для выяўлення груп рызыкі пры правядзенні медыцынскіх даследаванняў і аналізаў пацыентаў. У першыя гады такія анкеты змяшчалі пытанне аб тым, ці з’яўляецца апытваны гомасексуалам. Паводле адказу, пацыенты падзяляліся на дзве групы па катэгорыях рызыкі — «гетэрасексуальная група» і «гомасексуальная група». З часам навукоўцам і медыкам стала зразумела, што не ўсе мужчыны, якія вызначаюць сябе як «геі» маюць сексуальныя кантакты з мужчынамі; у той жа час шматлікія мужчыны, якія маюць аднаполыя сексуальныя кантакты, не лічаць сябе геямі. Таму апытальнікі сталі ўтрымліваць пытанні аб наяўнасці ў апытваных «гомасексуальных кантактаў». Аднак, і пры такой пастаноўцы пытання многія мужчыны, якія маюць аднаполыя сексуальныя кантакты, адмаўлялі наяўнасць у іх «гомасексуальных кантактаў». Гэта асабліва тычылася мужчын, якія таксама мелі рэгулярныя сексуальныя кантакты з жанчынамі. Наступным крокам стала змена пытання, калі рэспандэнты апытваліся пра наяўнасць у іх «гомасексуальных ці бісексуальных кантактаў». Пры такім разглядзе пытання ўсё яшчэ заставалася катэгорыя мужчын, якія маюць аднаполыя сексуальныя кантакты, але лічаць сябе гетэрасексуаламі. Такім чынам, толькі ўвядзенне паняцця «МСМ» дазволіла аб’яднаць усіх мужчын, якія маюць аднаполыя сексуальныя кантакты, у адну групу.[3]
Многія мужчыны, якія ўступалі ў сексуальныя кантакты з мужчынамі, не лічаць сябе гомасексуаламі ці нават лічаць сябе абсалютна гетэрасексуальнымі, аргументуючы гэта тым, што ўступаюць у палавыя кантакты з мужчынамі толькі ў актыўнай ролі.[4] Значная доля ўсіх МСМ ва ўсім свеце знаходзіцца ў гетэрасексуальным шлюбе ці ўступае ў сексуальныя кантакты таксама і з жанчынамі.[4] Да МСМ адносяць таксама і трансвестытаў і транссексуалаў[4]. Аднак яны складаюць толькі невялікі працэнт ад усіх МСМ[4].
Даследаванні, праведзеныя ў краінах Усходняй Еўропы (уключаючы краіны былога СССР), паказалі, што 60-70 % апытаных МСМ мелі толькі партнёраў мужчынскага полу; у 30-40 % МСМ былі як партнёры-мужчыны, так і партнёры-жанчыны.[5]
Праведзеныя ў Аўстраліі ў 1992 годзе даследаванні паказалі, што сярод мужчын старэйшых за 50 гадоў, якія мелі за апошнія 5 гадоў аднаполы секс, 28,5 % апытаных пазіцыянуюць сябе як бісексуалы і 3,9 % як гетэрасексуалы.[6]
Праведзенае ў 2004 годзе ў Беларусі даследаванне выявіла, што секс з жанчынамі маюць 49,2 % апытаных МСМ, пры гэтым 45,3 % апытаных маюць сем’і[7].
Група канадскіх даследчыкаў пад кіраўніцтвам Т. Маерса падзяляе ўсю сукупнасць мужчын, якія практыкуюць секс з мужчынамі, на наступныя групы:[8]
Паводле статыстыкі, ад 6 % да 15 % мужчын ва Усходняй Еўропе, ад 3 % да 5 % мужчын у краінах Усходняй Азіі, ад 6 % да 12 % мужчын у Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі і ад 6 % да 20 % мужчын у краінах Лацінскай Амерыкі на працягу свайго жыцця калі-небудзь практыкавалі секс з іншымі мужчынамі. Прыкладна палова з гэтых мужчын мелі палавыя кантакты з іншым мужчынам летась; ад 40 % да 60 % гэтых мужчын займаліся неабароненым анальным сексам ці ўступалі ў камерцыйную палавую сувязь[9].
Прыблізная ацэнка колькасці МСМ у некаторых краінах на 2010 год:[10]
Краіна | Насельніцтва краіны ў цэлым | Ацэнка колькасці МСМ |
---|---|---|
![]() |
3.190.000 | 3.500 (толькі ў Тыране) |
![]() |
3.002.000 | 13.500 |
![]() |
9.689.000 | 70.000 |
![]() |
141.927.296 | 2.100.000 |
![]() |
46.205.000 | 95.000 — 213.000 |
Паводле вынікаў даследавання EMIS (Еўрапейскага Інтэрнэт-апытання для МСМ), якое адбылося ўлетку 2010 года, больш за 32 % мужчын, якія займаюцца сексам з мужчынамі, адмаўляюцца выкарыстоўваць для вызначэння сваёй сексуальнай ідэнтычнасці слова «гей» ці «гомасексуал». З іх 17 % лічаць сябе бісексуаламі.[11]
Мужчынская прастытуцыя заўсёды была больш арыентавана на кліентуру мужчынскага полу, а не жаночага. Яна распаўсюджана менш жаночай прастытуцыі, хоць і бярэ пачатак у глыбокай старажытнасці.[12]
Большай частцы мужчын, якія прапануюць сексуальныя паслугі, — ад 18 да 26 гадоў (пры гэтым многія пачынаюць займацца прастытуцыяй ва ўзросце 15-16 гадоў), а асноўная маса кліентаў — мужчыны перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Акрамя таго, да 60 % кліентаў, якія карыстаюцца паслугамі мужчын-прастытутаў — мужчыны, што завуць сябе гетэрасексуаламі, многія з іх знаходзяцца ў шлюбе і маюць дзяцей.[13][14]
У сучаснай Заходняй Еўропе, значны працэнт мужчын-прастытутаў складаюць выхадцы з Усходняй Еўропы, напрыклад, большасць прастытутаў у Берліне з’яўляюцца выхадцамі з Румыніі. Многія з іх адпраўляюцца на заробкі, каб забяспечыць свае сем’і і дзяцей, аднак калі не знаходзяць працу, аказваюцца ўцягнутымі ў прастытуцыю.[15] Іншай катэгорыяй прастытутаў з’яўляюцца маладыя хлопцы з непаспяховых сем’яў, а таксама дзеці з правінцыі, якія не маюць дастатковай адукацыі і лёгка робяцца ахвярай сутэнёраў, якія падсаджваюць іх на наркотыкі.[16]
Секс у мужчынскіх пенітэцыярных установах з’яўляецца вострай праблемай. У той час, як зняволеныя ізаляваны па палавой прыкмеце і звычайна не маюць кантактаў з процілеглым полам, у большай ступені чым на свабодзе распаўсюджанне атрымліваюць розныя спосабы самазадавальнення і аднаполыя сексуальныя кантакты. Пры гэтым частыя выпадкі згвалтавання (у тым ліку і групавыя). У той жа час, прымус да секса ў турме мае не толькі і не столькі значэнне ў задавальненні сексуальных патрэбнасцяў, колькі ў зневажэнні ахвяры і ўсталявання над ёй кантролю.
Неабаронены секс у турмах з’яўляецца фактарам высокай рызыкі перадачы ВІЧ і іншых хвароб, якія перадаюцца палавым шляхам. Пры гэтым калі не выкарыстоўваецца змазка, а таксама, калі секс адбываецца па прымусе, як у выпадках згвалтавання, ступень рызыкі павялічваецца. Прэзерватывы ў турмах, як правіла, не даступныя.
Сярод МСМ няма адзінай агульнапрынятай сексуальнай тэхнікі. Так, адны мужчыны аддаюць перавагу анальнаму сексу, іншыя — аральнаму. Аднак самай частай формай сексуальнага задавальнення ў МСМ з’яўляецца ўзаемная мастурбацыя і трэнне адзін аб аднаго, якія выступаюць у адрозненне ад разнаполых кантактаў не дадатковымі, а самастойнымі формамі сексуальнага задавальнення.[17][18][19]
Анальнае пранікненне больш за ўсё нагадвае каітус, у той жа час гэта найбольш нязручная і працаёмкая сексуальная практыка, якая насуперак распаўсюджанаму меркаванню, не з’яўляецца самай распаўсюджанай сексуальнай практыкай сярод МСМ.[17][18] Разам з тым пры анальным сексе з пранікненнем маецца найбольш высокая рызыка перадачы ВІЧ пасіўнаму партнёру, яна значна вышэйшая, чым пры вагінальным сексе.[4] Для актыўнага партнёра таксама існуе рызыка інфіцыравання.[20] Перадача ВІЧ пры неабароненых аральна-генітальных сексуальных кантактах таксама магчымая, хоць рызыка заражэння лічыцца невялікай.[20]
Спецыялісты адносяць мужчын, якія маюць сексуальныя кантакты з мужчынамі, да групы рызыкі. Паводле даных ЮНЭЙДС, верагоднасць ВІЧ-інфікаванні мужчын, якія практыкуюць аднаполы секс, прыкладна ў 20 раз перавышае аналагічны паказчык для агульнага насельніцтва. Паказчыкі ВІЧ-інфекцыі сярод людзей, якія змянілі сваю палавую прыналежнасць, вар’іруюцца ад 8 да 68 % у залежнасці ад краіны ці рэгіёна[21].
Прычыны павышанай рызыкі заражэння гэтай катэгорыі мужчын хваробамі, якія перадаюцца палавым шляхам:[21][22]
Паводле праведзенага ў 2004 годзе ў Беларусі даследавання, найбольш распаўсюджаным захворваннем, якое перадаецца палавым шляхам сярод мужчын, якія практыкуюць аднаполы секс, з’яўляецца хламідыёз (20,0 %), найменшыя паказчыкі інфіцыраванасці займае сіфіліс (1,2 %). Спалучаных формаў ЗППШ у групе назірання не выяўлена. Варта таксама адзначыць, што сярод тэсціруемых МСМ не было зарэгістравана ніводнага станоўчага выніку тэсціравання на ВІЧ. Агульны ўзровень захворвання ЗППШ склаў 22,4 %[7].
Праведзенае ў Беларусі даследаванне выявіла таксама, што большасць апытаных МСМ (53,2 %) мелі больш за аднаго сексуальнага партнёра-мужчыну за апошні месяц. Заўсёды карыстаюцца прэзерватывам з выпадковым партнёрам 25,7 % рэспандэнтаў, часам — 62 %, ніколі — 12,3 %. Досвед ужывання ін’екцыйных наркотыкаў маюць 7,3 % рэспандэнтаў[7].
Паводле даных ЮНЭЙДС, ад 5 % да 10 % усіх ВІЧ-інфекцый у свеце абумоўлены палавымі кантактамі паміж мужчынамі[20][9][24].