Музычная акустыка — раздзел акустыкі, які вывучае фізічныя ўласцівасці музычных гукаў. Як і агульная акустыка, музычная акустыка — міждысцыплінарная навука. У сваіх даследаваннях яна прыцягвае даныя і (часткова) паняційны апарат іншых навук, галоўным чынам, матэматыкі, тэорыі музыкі і псіхалогіі.
Галоўны прадмет музычнай акустыкі — вышыня, дынаміка, тэмбр музычных (г. зн. якія ўжываюцца ў музыцы) гукаў, галоўным чынам з пункту гледжання іх успрымання слыхам і прайгравання (інтанавання) музыкамі-выканаўцамі. Асаблівая вобласць музычна-акустычных даследаванняў — музычныя лады і тэмперацыі.
Музычныя тэарэтыкі (Г. Рыма, П. Хіндэміт) выкарысталі даныя музычнай акустыкі для пабудовы «натуральна-навуковых» канцэпцый музыкі, а фізікі і псіхолагі (Г. Гельмгольц, К. Штумпф, В. Келер) — для стварэння «фізіялагічных» канцэпцый музычнага ўспрымання. У Расіі ўклад у музычную акустыку ўнеслі Н. А. Гарбузаў (распрацаваў так званую зонную тэорыю музычнага слыху), Л. С. Тэрме, А. А. Валодзін, Е. А. Мурзін (стваральнікі электрамузычных інструментаў), Е. В. Назайкінскі. Найбуйнейшыя даследчыкі музычных ладоў і тэмперацый на Захадзе — М. Барбур, М. Ліндлі, Р. Раш.
Даныя музычна-акустычных даследаванняў шырока прымяняюцца на практыцы, асабліва ў выхаванні слыху і адукацыі музыкантаў-выканаўцаў, у канструяванні і наладзе музычных інструментаў (у т. л. рэканструкцыі старадаўніх інструментаў, якія ўжываюцца ў аўтэнтычным выканальніцтвы), у арганізацыі сучаснага гуказапісу (у т. л. аснашчэнне аудыёстудыі), у тэхніцы кампазіцыі электроннай музыкі, у будаўніцтве тэатраў, канцэртных залаў і іншых памяшканняў, якія прадугледжваюць натуральнае і прыемнае распаўсюджванне гуку, і г. д.