Муроўка ў архітэктуры — размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны.
Удасканальванне тэхнікі муроўкі, выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця будаўніцтва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак муроўкі неатынкаваных фасадаў з'яўляецца асноўным фактарам паліхроміі ў манументальным дойлідстве. Для архітэктурна-будаўнічнай практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна уласцівы асобныя сістэмы муроўкі.
Вядома са старажытнасці.
На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная муроўка. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай муроўкі (Opus mixtum) — Полацкі Сафійскі сабор (XI ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю муроўкі (тэхніка са «схаваным радам»).
Для Полацкай школы дойлідства XII ст. характэрна таксама муроўка са «схаваным радам», якая утварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай муроўкі (Opus incertum) будавалася Мінская замкавая царква (XII ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невялікімі прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкаратыўнай мяшанай муроўкі пабудавана Віцебская Дабравешчанская царква (XII ст.). Яе сцены мелі радавую муроўку: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д.
Для Гродзенскай школы дойлідства XII ст. характэрна дэкаратыўная раўнарадавая муроўка, калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр'еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў.
У XIII—XVII стст. ужывалася лусковая муроўка , калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для другой паловы XIII — сярэдзіны XIV ст. характэрна цагляная балтыйская муроўка з чаргаваннем 2—З рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У першай палове XIV ст. існавала каменная муроўка (гранд апарайль; Лідскі замак).
У XVI—XVII стст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай муроўкі: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замак). З сярэдзіны XIV ст. да сярэдзіны XVI ст. пераважала цагляная гатычная муроўка з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынкавіцкая царква-крэпасць). З XV ст. пашырылася дэкаратыўная гатычная муроўка, дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл).
У другой палове XVI ст. з'явілася рэнесансавая муроўка, якая ўяўляла сабой чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы. У XVI—XVII стст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай муроўкі, калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква).
У XVII—XVIII стст. вядома і галандская муроўка, у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным будаўніцтве XVI—XVIII стст. выкарыстоўвалася старчаковая муроўка (Мураванкаўская царква-крэпасць). З другой паловы XVI ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў XVII ст. да адраджэння раўнарадавай муроўкі (збудаванні Магілёўскай архітэктурнай школы).
У XIX — пачатку XX ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы муроўкі, але часцей гатычную. Для архітэктуры невялікіх капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гаспадарчых пабудоў XIX—XX стст. характэрна т.зв. разынкавая муроўка, калі вялікія камяні абмазваліся вапнай і ў яе утыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры.
У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная муроўкі з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкаратыўны эфект муроўкі дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.