Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||
Мцэнск (руск.: Мценск) — горад (з 1146 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Мцэнскага раёна Арлоўскай вобласці. Насельніцтва 37,7 тыс. чалавек (2018). Заснаваны ў 1146 годзе.
Размешчаны на рацэ Зуша (прыток Акі), за 49 км ад Арла.
У летапісах назва Мцэнска фігуруе як «Мъченескъ», «Мченъскъ», народная вусная назва да XIX стагоддзя — «Амченск». Тапонім гідранімічнага паходжання, паходзіць ад назвы ракі Мцэна / Мецна[2], якая старабалцкага паходжання.
Пярвейшая форма назвы аднаўляецца як *Мътъсна[3]. Корань як у рачных назвах Меча на Верхнім Падонні (< Met-i̯a), Меча і Мечань на Павоччы[4], у дняпроўскім гідроніме *Мецела (> Мецелка)[5], у літоўскай азёрнай назве Metelys, у назве яцвяжскай ракі *Meta (> Netta). Іх звязваюць з коранем са значэннем «кідаць», гэта назвы канфігурацыйнага значэння[6].
Тыпалагічная паралель — рачная назва *Скідзела, ад skidyti «разыходзіцца ў бакі; абтрэпвацца», kidyti «абтрэпвацца, ірвацца».
Той жа корань Met- у пазнейшай форме (А)Мч- (< Мъч-) таксама ў рачных назвах Амчасна (прыток волжскай Вазузы на тэрыторыі Смаленскай вобласці), Мчаўка / Мчаўна (< *Meta, прыток нёманскай Нёўды).
Корань пашыраны тыповым балцкім гідранімічным пашыральнікам -sn-, які таксама ў назве задзвінскага возера Мядзесна, у дняпроўскіх балцкіх гідронімах Опісна (прыток Вопі), Нерасна, Дабасна[7]. Гэты пашыральнік прысутны і ў літоўскім назва- і словаўтварэнні: upė «рака» — upėsnis «рачулка; месца, дзе цекла рэчка або дзе рэчка ўцякае ў возера»[8].
Назва ракі матываваная звілістасцю яе рэчышча.
Узнік у XI ст. як умацаванае селішча вяцічаў. Дзяцінец, размешчаны на мысе пры ўпадзенні р. Мцэна ў р. Зуша, узвышаўся над ракой, меў 2 валы. Пасад узнік на поўдзень ад дзядзінца. Паблізу ад Мцэнска ў XI—XIII стст. дзейнічаў курганны могільнік.
Упершыню Мцэнск згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пры апісанні паходу ноўгарад-северскага княства Святаслава Вольгавіча ў 1147 годзе. Уваходзіў у склад Чарнігаўскага княства. Кантраляваў важныя шляхі на водападзеле р. Ака і яе прытокаў у Растова-Суздальскае княства, а таксама з Крыма і Палавецкай зямлі на Русь (з боку Навасіля); праз Мцэнск праходзілі сухапутныя дарогі ў гарады басейна верхняй Акі.
Імаверна, з 1215 г. знаходзіўся ў дамене князя Міхаіла Усеваладавіча. У сярэдзіне XIII ст. увайшоў у склад Карачэўскага княства, кіраўнікі якога ў апошняй трэці XIV ст. вялі паспяховыя памежныя войны супраць ардынцаў. У кан. XIV — пач. XV стст. Мцэнск валодалі князі Хатэтоўскія.
У 1395 годзе быў упершыню захоплены войскамі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У выніку літоўска-маскоўскай вайны (1406-08) падпарадкаваны ўладзе вялікага князя літоўскага Вітаўта; князі Хатэтоўскія сталі яго слугамі, захаваўшы кіраванне сваёй доляй. У 1-й трэці XV ст. горад быў значна ўмацаваны; даваўся ў трыманне і кіраваўся з дапамогай намеснікаў вялікага князя літоўскага, якія звычайна прызначаліся з ліку смаленскіх баяраў. У кастрычніку 1430 года Мцэнск вытрымаў трохтыднёвую аблогу войскаў ардынскага князя Айдара. З 1447 г. намесніку Мцэнска быў падпарадкаваны таксама г. Любуцк. 31 жніўня 1449 года ў дамове з вялікім князем літоўскім і польскім каралём Казімірам IV Ягелончыкам вялікі князь маскоўскі Васіль II пацвердзіў пераход Мцэнска і Любуцка ў склад ВКЛ разам з прылеглымі да іх валасцямі. Увосень 1480 г. Мцэнск спустошаны войскамі хана Вялікай Арды Ахмеда за тое, што Казімір IV не даслаў яму вайсковай дапамогі падчас Стаяння на Угры (1480). У жніўні 1492 года Мцэнск заняты маскоўскімі войскамі пад камандаваннем князя Ф. Абаленскага Целяпня. Паводле Маскоўскага міру (1494) горад застаўся ў складзе ВКЛ.
У час руска-літоўскай вайны (1500-03) двойчы займаўся рускімі атрадамі пад камандаваннем князёў Бялёўскіх, у выніку чаго мцэнскія баяры прысягнулі вялікаму князю маскоўскаму Івану III Васільевічу. Па Маскоўскім перамір’і (1503) Мцэнск увайшоў у склад Рускай дзяржавы.
У 1504 годзе стаў цэнтрам павета, аднак у 1-й пал. XVI ст. запусцеў. Адноўлены ў сувязі з падрыхтоўкай Казанскіх паходаў і ўмацаваннем паўднёвых межаў. З 1550 года ў горад прызначаліся ваявода і намеснік. 6-10 ліпеня 1562 года гарнізон Мцэнска і яго жыхары на чале з ваяводам князем Ф. Тацевым-Хрыпуновым вытрымалі аблогу 15-тысячнага войска крымскага хана Даўлет-Гірэя I.
У Смутны час Мцэнск захоплівалі ўдзельнікі паўстання Балотнікава (1606-07), войскі Ілжэдзмітрыя II і цара Васіля Шуйскага. У 1618 годзе наваколлі Мцэнска спустошаны крымскімі татарамі.
Веерная планіроўка горада ў асноўным склалася да XVII ст. Вуліцы сыходзіліся да гандлёвай плошчы, размешчанай ля рачной прыстані. У 2-й пал. XVII ст. Мцэнск паступова страціў ваеннае значэнне, ператварыўшыся ў гандлёва-рамесніцкі горад. Паветовы горад Кіеўскай (1708-27), Белгарадскай (1727-78), Арлоўскай (1778—1924, да 1796 Арлоўскае намесніцтва) губерняў. 23-25 студзеня (4-6 лютага) 1826 года ў Нікіцкай царкве горада знаходзілася дамавіна з целам імператара Аляксандра I.
З кан. XVIII ст. Мцэнск забудоўваўся па генплане 1780 года, па якім намечана прамавугольная сістэма планіроўкі. У 1-й пал. ХІХ ст. дзейнічала буйная прыстань, праводзіўся рамонт суднаў, праз горад ішоў гандаль збожжам, развіваліся саматужныя промыслы і рамёствы. Горад стаў адным з галоўных цэнтраў карункапляцення ў Расіі. У 1868 г. адкрыты рух па чыгуначнай лініі Тула — Курск, якая прайшла праз Мцэнск.
24 лістапада (7 снежня) 1917 года ў горадзе ўсталявана савецкая ўлада. У 1924-28 Мцэнск у складзе Арлоўскага павета Арлоўскай губерні. Цэнтр Мцэнскага раёна Цэнтральначарназёмнай вобласці (1928-34), Курскай вобласці (1934-37), Арлоўскай вобласці (з 1937).
У Вялікую Айчынную вайну акупаваны германскімі войскамі з 11 кастрычніка 1941 па 20 ліпеня 1943 года, сур’ёзна разбураны. Вызвалены войскамі Бранскага фронту падчас Арлоўскай наступальнай аперацыі, часткі Курскай бітвы (1943).
Адноўлены да пачатку 1950-х гг. З 1980-х гг. пачалося адраджэнне мясцовага карункапляцення, у снежні 1992 зноў адкрыта школа каруначніц.
|
У горадзе працуюць заводы — алюмініевага ліцця АМО «ЗІЛ», «Вторцветмет», камунальнага машынабудавання «Коммаш», «Текмаш», біяхімічны, мэблевая фабрыка, а таксама мяса-, харча-, хлебакамбінаты, маслазавод.