Славутасць | |
Мячэць Селіміе | |
---|---|
41°46′57″ пн. ш. 19°38′35″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мячэць Селіміе (алб.: Xhamia e Selimijës) або царква Святога Мікалая (Kisha e Shën Kollit) — збудаванне ў горадзе Лежа на поўначы Албаніі. Гэта былая царква, пераробленая асманамі ў мячэць. Яе руіны былі зачыненыя дахам і пераабсталяваны ў мемарыял албанскага нацыянальнага героя Скандэрбега (1405-1468)[1].
У 1459 годзе на месцы папярэдняга будынка XIV стагоддзя была пабудавана царква Святога Мікалая — галоўны сабор горада Лежа[2]. Яна знаходзіцца ля падножжа замкавага пагорка непадалёк ад Дрына. Яе памеры складалі прыкладна 18 на 8 метраў. Аднанефная гатычная[3] пабудова мела апсіду на ўсходзе, па тры невялікіх вокны ў паўночнай і паўднёвай сценах, а на заходнім фасадзе — дзверы і адно круглае акно[2].
У 1468 годзе ў царкве Святога Мікалая быў пахаваны правадыр антыасманскага албанскага паўстання Скандэрбег[4]. У 1478 годзе пасля заваёвы Лежы султанам Мехмедам II магіла была апаганена асманскімі салдатамі, а косткі з яе былі выкарыстаны ў якасці талісманаў. Пры султане Селіме I (1512-1520) царква была перабудавана ў мячэць. У гонар султана яна атрымала назву мячэць Селіміе. У XVII стагоддзі да разбуранай пабудовы здзяйснялі паломніцтва албанцы, каб ушанаваць памяць Скандэрбега[5]
У канцы XVIII стагоддзя пры султане Селіме III мячэць была адрэстаўраваная[3]. У мячэці быў міхраб, а на паўднёвым захадзе — высокі мінарэт, пабудаваны ў XVIII стагоддзі[3].
У 1966 годзе было праведзена археалагічнае даследаванне мячэці, дзякуючы чаму было ўстаноўлена, што раней гэта была царква Святога Мікалая[5]. Будынак выкарыстоўвалася як мячэць да 1968 года. Пасля таго, як лідар Народнай Сацыялістычнай Рэспублікі Албанія Энвер Ходжа абвясціў у 1967 годзе «першую ў свеце атэістычную дзяржаву», яна была зачынена.
У 1978 годзе ў мячэці была знойдзена магіла Скандэрбега. У 1979 годзе рэгіён закрануў моцны землятрус. Пры гэтым абрынуўся мінарэт і мячэць была сур'ёзна пашкоджана. Падчас рэстаўрацыі ўсе асманскія дапаўненні былі выдаленыя, каб па магчымасці аднавіць вонкавае аблічча часоў Скандэрбега[2]. Руіны былі ператвораны ў мемарыял нацыянальнага героя[3]. Руіны царквы Святога Мікалая былі прызнаныя нацыянальным культурным помнікам[6].
У 1981 годзе новы мемарыял Скандэрбега быў адкрыты. Канструкцыя з дахам абараняе старыя сцены, усярэдзіне якіх устаноўлены бюст працы Адзісе Паскалі і мемарыяльная пліта з рэплікай мяча і шлема Скандэрбега (арыгіналы знаходзяцца ў Вене). На сцяне вісяць шыльды, якія нагадваюць аб баях Скандэрбега і гербы княстваў Лежскай лігі[5].
Вакол руінаў мячэці знаходзяцца яшчэ адны руіны антычных часоў.