Міграцыя насельніцтва — перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства.
Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найбольш уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі міграцыя насельніцтва падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзяржаўных органаў, і неарганізаваную. Працэс міграцыі насельніцтва складаецца з трох асноўных фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства.