Мікраліты

Мікраліты (грэч. mіkrоs малы, маленькі + lіthos камень) — дробныя дэталі складаных, састаўных прылад працы, якія вырабляліся з крэменю ў эпоху каменнага веку, пераважна ў мезаліце.

Матэрыялам для мікралітаў служылі невялікія (5—30 мм) крамянёвыя абломкі тонкіх вузкіх пласцін або адшчэпаў, што апрацоўваліся спосабам крутога рэтушавання іх краёў. Сярод мікралітаў вылучаюцца вастрыі некалькіх тыпаў і вырабы геаметрычна дакладных форм (сегменты, трохвугольнікі, прамавугольнікі, трапецыі), мікраразцы, рэжучыя ўстаўкі з прытупленым рэтушшу краем і інш. Мікраліты звычайна ўстаўлялі ў пазы касцяных ці рагавых апраў, у дрэўкі стрэл і наканечнікі дзідаў; з іх складалі лёзы кінжалаў, шыпы гарпуноў. Іх замацоўвалі ў прыладах з дапамогай смалы. Паводле наяўнасці на помніках некаторых тыпаў мікралітаў (трапецый) вызначаюць позні мезаліт7-га тыс. да н.э.). Вытворчасць мікралітаў-характэрная рыса мікралітычных культур (тардэнуаза, каморніцкай, кудлаеўскай, рудавостраўскай, яніславіцкай і інш.).

Пры раскопках трапляюцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі.