Мінарэ́т (араб. منارة, манара, «маяк») — у архітэктуры ісламу вежа (круглая, квадратная або шматгранная ў сячэнні), з якой муэдзін заклікае вернікаў на малітву. Мінарэт ставіцца побач з мячэццю або ўключаецца ў яе кампазіцыю. Раннія мінарэты часта мелі вітую лесвіцу або пандус звонку (спіралепадобныя мінарэты), у позніх — унутры вежы.
Адрозніваюцца два асноўныя тыпы мінарэтаў: чатырохгранныя (Паўночная Афрыка) і кругластвольныя (Блізкі і Сярэдні Усход). Мінарэты ўпрыгожваліся ўзорным цагляным мурам, разьбой, паліванай керамікай, ажурнымі балконамі (шэрэфэ).
Малыя мячэці звычайна маюць адзін мінарэт (або не маюць наогул), сярэднія — два; у вялікіх султанскіх мячэцях у Стамбуле было ад чатырох да шасці мінарэтаў. Самая вялікая колькасць мінарэтаў, дзевяць, у мячэці Аль-Харам у Мецы.
У цяперашні час муэдзін ужо не паднімаецца на мінарэт, а яго голас транслюецца ўсталяванымі на мінарэты (звычайна чатырма) дынамікамі (глядзі фота). Часта мова перадаецца ў запісе.