Міхал Клеафас Агінскі | |||
---|---|---|---|
Michał Kleofas Ogiński | |||
Асноўная інфармацыя | |||
Дата нараджэння | 25 верасня 1765 | ||
Месца нараджэння |
Гузаў, Мазавецкае ваяводства, Рэч Паспалітая |
||
Дата смерці | 15 кастрычніка 1833 (68 гадоў) | ||
Месца смерці | |||
Месца пахавання | |||
Краіна |
Рэч Паспалітая Расійская імперыя |
||
Бацька | Андрэй Агінскі або Міхал Казімір Агінскі[2] | ||
Маці | Паўла з Шэмбекаў[d] | ||
Жонка | Ізабела з Лясоцкіх[d] і Марыя дэ Неры[d] | ||
Дзеці | Амелія з Агінскіх, Ірэнеуш Клеафас Агінскі, Franciszek Ksawery Ogiński[d], Emma Ogińska[d] і Тадэвуш Антоні Агінскі[d] | ||
Музычная дзейнасць | |||
Прафесіі | |||
Жанры | опера | ||
Грамадская дзейнасць | |||
Член у | |||
Узнагароды |
|
||
Аўтограф | |||
Творы ў Вікікрыніцах | |||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Міхал Клеафас Агінскі (25 верасня 1765, маёнт. Гузаў каля Варшавы — 15 кастрычніка 1833, Фларэнцыя) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, вялікі мечнік літоўскі (1789—1793), вялікі падскарбі літоўскі (1793—1795), дыпламат, кампазітар.
Паходзіў з княжацкага роду Агінскіх, які належаў да вышэйшых арыстакратычных колаў Рэчы Паспалітай. З першых гадоў жыцця далучаўся да інтэлектуальных і мастацкіх каштоўнасцей, у т.л. музыкі. Першыя музычныя ўражанні Міхала Клеафаса звязаныя з наведваннем Слоніма, дзе яго сваяк Міхал Казімір Агінскі ўтрымліваў еўрапейскага ўзроўню тэатр, на сцэне якога ішлі лепшыя тагачасныя оперы і балеты. Міхал Клеафас атрымаў рознабаковую адукацыю і зрабіў бліскучую кар’еру.
У 20-гадовым узросце абраны паслом на сойм Рэчы Паспалітай (1786), быў камісарам Скарбовай камісіі Вялікага Княства Літоўскага (1788), потым займаў пасаду мечніка вялікага літоўскага (1789—1793). У якасці паўнамоцнага прадстаўніка Рэчы Паспалітай пабываў у многіх краінах Еўропы, у т.л. У 1790—1791 гадах з’яўляўся надзвычайным паслом у Галандыі, выконваў дыпламатычную місію ў Лондане. За мяжой меў магчымасць пазнаёміцца ў т.л і музычным жыццём. Быў знаёмы з Гайднам і Моцартам, браў урокі ў славутых выканаўцаў, слухаў Н. Паганіні і інш. віртуозаў.
У 1791 годзе мусіў прысягнуць расійскай імператрыцы Кацярыне II, каб захаваць свае маёнткі ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі. Скептычна ставіўся да Канстытуцыі 3 мая.
У 28-гадовым узросце (1793) займаў пасаду падскарбія вялікага літоўскага, абіраўся паслом на Гарадзенскі сойм.
Пасля перамогі ў 1793 годзе Таргавіцкай канфедэрацыі падтрымаў яе і вярнуў сабе канфіскаваныя раней маёнткі.
У 1794 годзе Міхал Клеафас увайшоў у Нацыянальны савет у якасці віленскага дэлегата і ў складзе аднаго з вайсковых фарміраванняў, створаных на яго ўласныя сродкі (188 тыс. злотых), змагаўся на баку касцюшкаўскіх паўстанцаў.
У чэрвені 1794 года двойчы з атрадам стралкоў і 200 коннікамі спрабаваў прабіцца ў колішняе Менскае ваяводства, каб узняць там паўстанне. У жніўні 1794 года зрабіў рэйд да Дынабурга. Змагаўся супраць прускіх войскаў.
Пасля таго, як рускія занялі Вільню, праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За ўдзел у паўстанні расійскія ўлады канфіскавалі ягоныя маёнткі.
Канец эміграцыі быў пакладзены новым палацавым пераваротам у Расіі, калі пасля ўзыходжання на трон Аляксандра I у Міхала Клеафаса з’явілася магчымасць вярнуцца на Радзіму і прадоўжыць грамадска-палітычную і мастацкую дзейнасць, яму, як і ўсім касцюшкавым эмігрантам, вярталіся маёнткі. У 1801 годзе Гродне ён прысягае на вернасць расійскаму імператару, а ў лютым 1802 года прыязджае ў Пецярбург.
З Пецярбурга 28 красавіка 1802 года Міхал Клеафас выехаў у в. Залессе, у падараваны яму Францішкам Ксаверыем Агінскім[3] даўні родавы маёнтак. Міхал Клеафас ажаніўся, займаўся гаспадаркай, Залессе ператварылася ў культурны цэнтр, жыццё якога поўнілася музычнымі падзеямі. Міхал Клеафас працуе над камерна-вакальнымі і інструментальнымі мініяцюрамі, пачынае пісаць свае літаратурныя творы — 4-томныя «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (Парыж, 1827—1828) і трактат «Лісты пра музыку» (завершаны ў 1828). У Залессі, Міхал Клеафас напісаў вядомы паланез «Развітанне з Радзімай». У 1817 годзе ў Вільні надрукаваны два зборнікі паланезаў і рамансаў.
У 1810 годзе Міхал Клеафас атрымаў ад Аляксандра I пасаду сенатара Расійскай імперыі і чын тайнага саветніка, ордэны св. Уладзіміра і Аляксандра Неўскага. У маі 1811 года падаў цару праект пра аднаўленне Вялікага княства Літоўскага, якое павінна было аб’яднаць восем губерній. Аднак праект быў адхілены імператарам. У чэрвені 1812 года Міхал Клеафас адступае разам з расійкімі войскамі, знаходзіцца ў Пецярбургу. Пасля вайны з Напалеонам вяртаецца ў Залессе, дзе застаецца да 1822 года паціху адыходзячы ад палітычных спраў.
У канцы 1822 года Міхал Клеафас Агінскі досыць раптоўна без сям’і пакінуў радзіму назаўсёды і выехаў у Парыж, а пазней — у Італію. Яго галоўнай справай становіцца літаратурная і музычна-рэдактарская дзейнасць. Памёр у Фларэнцыі, быў пахаваны на кляштарных могілках пры храме Санта Марыя Навэла, праз год дзякуючы клопатам жонкі Марыі дэ Неры адбылося перапахаванне ў пантэоне Санта-Крочэ. У красавіку 1996 года ў Фларэнцыі, на доме, дзе жыў Агінскі, адкрылася мемарыяльная дошка (скульптар В. Янушкевіч).
Сядзіба ў Залессі знаходзілася ў веданні падпарадкаванага Міністэрству культуры РБ Аб’яднання літаратурных музеяў, з 1990 года там святкуюцца ўгодкі Міхала Клеафаса. Рэстаўрацыя сядзібы вялася цягам некалькіх гадоў перад юбілеем Міхала Клеафаса Агінскага ў 2015 годзе. З 2014 года дзейнічае самастойная Дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова «Музей-сядзіба М. К. Агінскага».
З твораў Міхала Клеафаса на сённяшні дзень вядома 20 паланезаў, 4 маршы, 4 вальсы, 3 мазуркі, галоп, менуэт, шматлікія рамансы, опера «Зеліда і Валькур, або Банапарт у Каіры», напісаная на ўласнае лібрэта.
У Маладзечне імя Агінскага носіць музычны каледж (былое музычнае вучылішча), побач устаноўлены помнік Агінскаму аўтарства Валяр’яна Янушкевіча[4].
Дзейнічае дабрачынны фонд «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага».[5][6]
У 1994 годзе Белпошта выпусціла марку, прысвечаную Агінскаму, а 22 жніўня 2011 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне залатую памятную манету «М. Агінскі» наміналам 10 рублёў.
У Мінску ў 2015 годзе побач Кафедральнага сабора Святога Духа і плошчы Свабоды ўстаноўлена лаўка Агінскага.