Міхаіл Кулеша | |
---|---|
польск.: Michał Kulesza | |
Імя пры нараджэнні | Міхаіл Аляксандр Пётр Кулеша |
Дата нараджэння | 26 лістапада 1799[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 6 лістапада 1863 (63 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | рамантызм |
Вядомыя працы | «Гусары ў чаканні атакі», «Барбара Радзівіл», «Барысаглебская (Каложская) царква, Гродна» |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Міхаі́л (Міхал) Куле́ша (літ.: Mykolas Kuleša, польск.: Michał Kulesza; 26 лістапада 1799 — 6 лістапада 1863) — беларуска-польскі мастак, адзін з першых літографаў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Шмат вандруючы па тэрыторыях сучасных паўднёвай Літвы, паўднёва-ўсходняй Беларусі і паўночна-ўсходняй Польшчы, Кулеша стварыў рэдкія выявы мясцін першай паловы XIX стагоддзя.
Міхаіл Кулеша нарадзіўся ў Вільні ў збяднелай шляхецкай сям'і. Жывучы і працуючы ў шматэтнічным асяродку тагачаснай сталіцы Віленскай губерні Расійскай імперыі, карыстаўся польскім напісаннем свайго прозвішча, Kulesza, і падчас выставак у Францыі называў сябе «польскім мастаком».
Вучыўся ў цыстэрцыянскай пачатковай школе ў Трашкунах, мастацтву пачаў навучацца ў гімназіі ў неакласіцысцкага мастака Яна Дамеля. Вучобу працягваў у Імперскім універсітэце Вільні, дзе асвойваў літаграфію ў Яна Рустэма[2]. Міхаіла Кулешу лічылі адным з найбольш здольных вучняў. Пра яго працаздольнасць сведчыць той факт, што Міхаіл прадаставіў на факультэцкую выстаўку 25 твораў — малюнкі пер'ем, эскізы, копіі карцінаў Рэмбранта.
Падчас вучобы ў каледжы далучыўся да філаматаў[3] і быў арыштаваны за сувязь з імі ў 1823. У 1829 Міхаіл Кулеша атрымаў званне доктара філасофіі мастацтва[4].
Доўгі час быў вольны мастаком, даючы прыватныя заняткі па выяўленчым мастацтве, дапамагаў у літаграфічнай краме Юзафа Азямблоўскага. Падчас падарожжа ў Крым спыняўся на нейкі час у Мінску[5].
У 1837 годзе пераехаў з Вільні ў Крожы дзеля выкладання. Праз два гады быў пераведзены ў Гродна, дзе выкладаў у прыватнай школе[6]. У 1844 перайшоў на працу ў новаадчынены Інстытут высакародных дзяўчын у Беластоку Гродзенскай губерні, дзе і застаўся жыць да смерці[7]. У 1845, падчас паездкі па Берасцейшчыне, гасцяваў у свайго сябра Фелікса Улодака[8].
Падарожнічаючы па Беларусі і Літве, маляваў відарысы, этуды мясцін. Планаваў выдаць серыю альбомаў з выявамі найцікавейшых мясцін Беларусі, Літвы, Валыні. Аднак пры яго жыцці выйшаў толькі адзін альбом, выдадзены пры дапамозе Юзафа Крашэўскага[9].
Пасля смерці яго творы да Першай сусветнай вайны ўпрыгожвалі хаты ў Мінску, Гродна, Беластоку, Вільні, Варшаве[10]. Малая частка карцін, што захавалася, цяпер знаходзіцца ў Мастацкім музеі ў Вільні.