Набярэжная Вайтань (кіт. спр. 外滩, піньінь Wàitān; англ.: The Bund; іншыя назвы: Бунд, Банд, Шанхайская набярэжная, набярэжная) — участак вуліцы Сунь Ятсена (кіт. спр. 中山路, піньінь Чжуншань Лу, англ.: Zhongshan Road) ў Шанхаі (Кітай). Ён знаходзіцца ў межах былога міжнароднага сетлмента ўздоўж ракі Хуанпу ва ўсходняй частцы раёна Хуанпу. Звычайна пад гэтай назвай таксама аб’ядноўваюць будынкі і прыстані ўздоўж гэтай вуліцы і прылеглыя тэрыторыі. Насупраць набярэжнай праз раку размешчаны новы дзелавы раён Шанхая Пудун.
Па-кітайску «вайтань» даслоўна азначае «знешні бераг». Англійскае слова bund мае значэння «набярэжная», «прычал» (як правіла, у азіяцкіх краінах). У англійскі гэтае слова, хутчэй за ўсё, патрапіла з хіндзі, у якім яно азначае «бераг», «водмель». У Індыі, Кітаі і Японіі існуе шэраг месцаў, якія ў англійскай мове носяць гэтую назву, аднак уласнае імя the Bund амаль заўсёды азначае дадзены ўчастак набярэжнай у Шанхаі.
На набярэжнай паралельна рацэ Хуанпу размешчана некалькі дзясяткаў еўрапейскіх каланіяльных будынкаў, у якіх калісьці размяшчаліся шматлікія банкі і гандлёвыя кампаніі Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Расіі, Германіі, Японіі, Нідэрландаў і Бельгіі, а таксама консульствы Вялікабрытаніі і Расіі. Генеральнае консульства Расійскай Федэрацыі ў Шанхаі знаходзіцца ў гэтым будынку і цяпер. Раён набярэжнай Вайтань размешчаны на поўнач ад старога горада Шанхая, некалі абнесенага каменнай сцяной. Ён пачынаўся як Брытанскі сэтльмент, будаўнічы бум у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ператварыў Вайтань у галоўны фінансавы цэнтр Усходняй Азіі.
На паўтаракіламетровым участку набярэжнай размяшчаюцца 52 будынкі розных архітэктурных стыляў, такіх як класіцызм, готыка, неакласіцызм, барока, Beaux-Arts (бозар ) і ар-дэко (Шанхай — адзін з самых багатых збораў будынкаў у стылі ар-дэко у свеце), дзякуючы чаму набярэжную Вайтань часта называюць «музеем сусветнай архітэктуры».
Сярод найбольш прыкметных будынкаў набярэжнай можна адзначыць гасцініцу «Peace Hotel», будынак HSBC і будынак Шанхайскай мытні. Будынак Peace Hotel (былы Cathay Hotel), таксама вядомы як Sassoon Building, быў пабудаваны сэрам Віктарам Сасунам, якога называлі «гаспадаром паловы Шанхая». Ён дагэтуль вядомы джаз-бэндамі, што граюць у яго кафэ. На верхнім паверсе будынка першапачаткова размяшчаліся асабістыя апартаменты Сасуна.
Будынак HSBC Building, у якім цяпер размяшчаецца Шанхайскі банк развіцця Пудуна (Shanghai Pudong Development Bank), раней служыў штаб-кватэрай Ганконгска-шанхайскай банкаўскай карпарацыі , якой не ўдалося дамовіцца аб паўторным выкупе будынка ў 1990-я з адміністрацыяй Шанхая, якая займала яго з 1950-х. Будынак быў пабудаваны ў 1923 годзе. У той час яго называлі «самым раскошным будынкам паміж Суэцкім каналам і Берынгавым пралівам».
Будынак Шанхайскай мытні быў пабудаваны ў 1927 годзе на месцы ранейшага будынка ведамства, выкананага ў традыцыйным кітайскім стылі. Гадзіннік і бой былі выраблены ў Вялікабрытаніі як перайманне Біг-Бену.
На паўночным ускрайку Вайтаня знаходзіцца «Помнік народным героям», узведзены ў памяць аб загінуўшых у ходзе рэвалюцыйнай барацьбы ў Кітаі.
Набярэжная Вайтань, магчыма, з’яўляецца самай вядомай турыстычнай зонай у Шанхаі. Дзеля захавання гістарычных помнікаў вышыннае будаўніцтва ў ёй абмежавана.
Вайтань была адной са здымачных пляцовак фільма Стывена Спілберга «Імперыя Сонца» — першага пасля Другой сусветнай вайны амерыканскага мастацкага фільма, знятага ў Кітаі.
Вайтань фігуруе ў назвах некалькіх фільмаў, дзе дзеянне адбываецца ў Шанхаі 1920-30-х гадоў: гэта папулярны Ганконскі тэлесерыял «Набярэжная» (1980) і яго кітайскі рымейк «Шанхайская набярэжная» (2007), якія распавядаюць пра жыццё злачыннага свету набярэжнай і яе ваколіц. Анімэ Dance in the Vampire Bund парадыруе гэтыя фільмы і іх месца дзеяння — злачынны раён, які ў анімэ засяляюць вампіры.