Нае́зд (польск.: zajazd) — першапачаткова, у старым польскім заканадаўстве, спосаб выканання вырашэння суда сіламі істца. Пазней — узброены напад з мэтай адабрання ўласнасці.
Наезд, як шлях выканання вырашэння суда сіламі істца, у старым польскім заканадаўстве быў звычайным спосабам выканаўчага справаводста. Традыцыя была абумоўленая слабасцю ўлады і дэ-факта была дзейсным шляхам абароны шляхтай сваіх праў.[1]
У адпаведнасці з заканадаўствам Рэчы Паспалітай, наезд быў чацвёртым, самым крайнім спосабам выканання рашэння суда. Ён праводзіўся пры неэфектыўнасці першых трох этапаў выканаўчага справаводства, паводле ўказання старасты павета, як правіла, сіламі істца.[2]
На канец XVII стагоддзя наезды сталі праводзіцца і без удзелу ўлад павета, фактычна ператварыўшыся ў незаконныя набегі з мэтай адабрання чужой уласнасці.[3]
У ВКЛ наезд быў нападам на маёнтак, спалучаным з гвалтоўнымі дзеяннямі, пашкоджаннем ці рабаваннем маёмасці, захопам зямель і сялян. З дапамогай наезду феадалы імкнуліся павялічыць свае ўладанні і маёмасці або вырашыць спрэчкі самасудам. Звычайна наезд чыніўся самім феадалам з удзелам слуг або ён падбухторваў на гэта іншых залежных ад яго людзей[4].
Пакаранне за наезд не было дакладна акрэслена ў Судзебніку 1468 года, таму ў кожным выпадку яго вызначаў сам вялікі князь з панамі-радай. У Статуце ВКЛ 1588 года наезду прысвечана 15 артыкулаў, якія вызначалі некалькі відаў наезду, у тым ліку просты, гвалтоўны, крывавы, зроблены ў ваенны час. Пры вызначэнні пакарання ўлічваўся маёмасны стан і саслоўная прыналежнасці злачынцаў і пацярпелых. Справы разглядаў гаспадарскі суд, Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага, гродскі суд таго павета, дзе адбывалася злачынства.
Злачынцы, схопленыя на месцы ці на працягу сутак пасля наезду, падлягалі неадкладнай дастаўцы ў суд без папярэдняга ўручэння позваў. Злачынец, які без уважлівай прычыны не прыходзіў у суд па позве ці адмовіўся з’явіцца, мог быць выгнаны за межы дзяржавы (за зробленае ім злачынства належала кара смерцю). За наезд, абцяжараны забойствам, смяротнай кары палягалі і саўдзельнікі, з іх спаганялася таксама двайная галоўшчына і кампенсацыя навязкай. За нанясенне ран непасрэднага выканаўцу каралі смерцю, а саўдзельнікаў — турэмным зняволеннем. Шляхціц, чальцы сям’і якой зрабілі наезд, павінен быў асабіста даставіць іх у суд, інакш да адказнасці прыцягвалі яго самога.
Пацярпелыя мелі права на неабходную абарону і не неслі адказнасці, калі забівалі каго-небудзь з тых, хто нападаў. Пра нанясенне пабояў і ран сведчыў возны. Пасля гэтага рабілася афіцыйная заява ў суд з абавязковым занясеннем яе ў адпаведныя кнігі. Па справах аб наездзе Статут вызначаў 3-гадовы тэрмін даўнасці. Калі на працягу яго пацярпелы не звяртаўся ў суд, то траціў права на судовы разгляд[4].
Найбольш вядомым літаратурным апісаннем наезду ёсць твор Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (польск.: Pan Tadeusz), створаны ў Парыжы ў 1832—1834 гадах. Поўная назва гэтай эпічнай паэмы — «Пан Тадэвуш, альбо Апошні наезд у Літве. Шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гадоў у дванаццаці кнігах вершам» (польск.: Pan Tadeusz czyli Ostatni zajazd na Litwie. Historia szlachecka z roku 1811 i 1812 we dwunastu księgach wierszem pisana).