Найшырэ́йшая цяглі́ца спі́ны[1] (лац.: m. latissimus dorsi), або Найшырэ́йшая мы́шца спі́ны[2] — парная плоская цягліца, якая залягае паверхнева ў ніжнім аддзеле спіны, але яе верхнія пучкі ў пачатковай частцы прыкрытыя трапецападобнай цягліцай.
Пачынаецца сухажыльным расцяжэннем ад васцяватых адросткаў пяці-шасці ніжніх грудных пазванкоў, усіх паясніцавых і крыжавых пазванкоў, ад пасярэдняга крыжавага грэбеня, задняга аддзела вонкавай губы падуздышнага грэбеня, паверхневага лістка паясніцава-грудной фасцыі і ад чатырох ніжніх рэбраў. Вонкі ад сухажыльных пучкоў цягліцы, між імі і заднім краем вонкавай косай цягліцы жывата, лац.: m. obliquus externus abdominis, і ўнізе — падуздышнага грэбеня, утвараецца паясніцавы трохвугольнік, лац.: trigonum lumbale; дном (пярэдняй сценкай) з'яўляецца унутраная косая цягліца жывата, лац.: m. obliquus internus abdominis. Вышэй за гэты трохвугольнік размяшчаецца невялікі ромбападобны ўчастак, прыкрыты ззаду найшырэйшай цягліцай спіны і абмежаваны зверху XII рабром і ніжнім краем ніжняй задняй зубчастай цягліцы, лац.: m. serratus posterior inferior, медыяльна — цягліцай, выпростваючай пазваночнік, лац.: m. erector spinae, латаральна — верхнім краем унутранай косай цягліцы жывата; дно яго (пярэднюю сценку) складае апанеўроз папярочнай цягліцы жывата, лац.: m. transversus abdominis.
Верхнія пучкі найшырэйшай цягліцы спіны накіроўваюцца латаральна, ніжнія — коса ўверх і латаральна і прыкрываюць заднюю паверхню ніжніх рэбраў. Тут цягліца атрымлівае дадатковыя пучкі ў выглядзе трох-чатырох зубцоў, а яшчэ прыкрывае ніжні вугал лапаткі і ніжні край вялікай круглай цягліцы, лац.: m. teres major (часам атрымлівае дадатковы пучок). Далей цягліца, утвараючы заднюю сценку падпахавай ямкі, падыходзіць да плечавой косці і скончваецца на грэбені малога бугарка плечавой косці. Тут маецца падсухажыльная сумка найшырэйшай цягліцы спіны, лац.: bursa subtendinea musculi latissimi dorsi.
Цягліца прыводзіць плячо да тулава і цягне верхнюю канечнасць назад да пасярэдняй лініі, ажыццяўляючы яе пранацыю. Пры зафіксаванай верхняй канечнасці набліжае да яе тулава або прымае удзел у перасоўванні ніжніх рэбраў уверх пры дыхальным руху, з'яўляючыся, гэткім чынам, дапаможнай дыхальнай цягліцай.
Цягліца забяспечваецца крывёю з груднаспіннай артэрыі, задняй агібальнай артэрыі плечавой косці, задніх міжрабровых артэрый (лац.: aa. thoracodorsalis, circumflexa humeri posterior, intercostales posteriores).
Цягліца інервуецца груднаспінным нервам (лац.: n. thoracodorsalis) праз наступныя спіннамазгавыя сегменты: (CVI–CVIII).
![]() |
Найшырэйшая цягліца спіны на Вікісховішчы |
---|