Напата у іерогліфах | |||
npt |
Напа́та — старажытны горад у Нубіі (Судан), заснаваны егіпцянамі як адміністрацыйны цэнтр каля чацвёртага парога ракі Ніл у 2 тысячагоддзі да н. э. З'яўляўся адной са сталіц старажытнай дзяржавы Куш. У наш час прадстаўлены археалагічнымі помнікамі Джэбель-Баркал і Нуры.
Напата была заснавана каля 1450 г. да н. э. старажытнаегіпецкім фараонам Тутмасам III пасля заваявання дзяржавы Керма. Першапачаткова з'яўлялася адміністрацыйным цэнтрам Нубіі. Егіпецкі кіраўнік Напаты меў тытул намесніка фараона. У 1070 г. да н. э. намеснікі Напаты вызваліліся з-пад улады Егіпта і стварылі асобную дзяржаву Куш. Напата заставалася галоўным эканамічным і палітычным цэнтрам Куша прыкладна да VI ст. да н. э. У 591 г. да н. э. вытрывала нашэсце персаў, пасля чаго паступова саступіла месца Мероэ. У V ст. да н. э. Герадот ужо называў Мероэ галоўным горадам Эфіопіі[1]. У 23 г. да н. э. Напата была канчаткова зруйнавана падчас нашэсця рымлян.
Перыяд дамінавання Напаты ў Нубіі звычайна вылучаецца як асобная культурная эпоха, для якой было характэрна спалучэнне нубійскіх традыцый, што бралі пачатак у Керме, і прынесеных са Старажытнага Егіпта. Напата з яе сакральным цэнтрам у Джэбель-Баркал лічылася горадам Амона, а ўлада валадароў Напаты корэ прыраўноўвалася да ўлады фараонаў. Нават пасля перанясення асноўнага цэнтра дзяржавы ў Мероэ Джэбель-Баркал і Нуры заставаліся галоўнымі месцамі пахавання корэ і чальцоў іх сем'яў. Афіцыйныя імёны корэ адлюстроўвалі веру напатцаў, што іх валадар з'яўляецца часткай бога. Жанчыны валадарскай сям'і таксама абагаўляліся.
Каля Напаты будаваліся піраміды — магільні чальцоў сям'і корэ, аднак яны значна адрозніваліся ад егіпецкіх па памерах і тэхніцы будаўніцтва. Адрозненні таксама маюць знойдзеныя керамічныя вырабы таго перыяда. Пантэон багоў Напаты першапачаткова запазычаны з Егіпту, аднак з цягам часу ён папаўняўся іншымі бажаствамі.
Напата на Вікісховішчы |