Нарвенская культура Неаліт | ||||
---|---|---|---|---|
Геаграфічны рэгіён | усходняя і паўднёвая Балтыка | |||
Лакалізацыя | Беларусь, Літва, Латвія, Расія, Польшча | |||
Датаванне | 5000 да н.э. — 3000 да н.э. | |||
Носьбіты | індаеўрапейцы | |||
Тып гаспадаркі | рыбалоўства, збіральніцтва, паляванне | |||
Пераемнасць | ||||
|
Нарвенская культура — археалагічная культура ранненеалітычных плямён, якія ў V—IV тыс. да н.э. жылі на тэрыторыі ўсёй Усходняй Прыбалтыкі: на поўдні да ракі Мерач і ракі Прэголя, на паўднёвым усходзе — на поўначы ад Мінска, на ўсходзе — да вярхоўяў Дзвіны, на поўначы — да Фінскага заліва і паўднёвага ўзбярэжжа Ладажскага возера.
Нарвенская культура адносіцца да культур паляўнічых, рыбаловаў і збіральнікаў усходнепрыбалтыйскай лясной зоны. Назву атрымала паводле першых даследаваных помнікаў на р. Нарва ў паўночна-ўсходняй Эстоніі. Вылучана ў 1950-х г. Н. М. Гурынай і Л. Яанітсам.
На тэрыторыі Беларусі помнікі нарвенскай культуры распаўсюджаны ў Падзвінні, за выключэннем яго паўднёва-ўсходняй часткі, верхнім Павіллі і верхнім цячэнні р. Бярэзіна (басейн Дняпра) на поўнач ад Мінска. Найважнейшыя стаянкі: Асавец 4, Зацэнне, Сосенка 3.
Паселішчы размяшаліся на ўзбярэжжах вадаёмаў, пераважна азёрных. Некаторыя з азёр затарфаваліся, а прыбярэжныя стаянкі ператварыліся ў тарфянікавыя (Зацэнне), што спрыяла захаванню вырабаў з арганічных матэрыялаў.
Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з адкрытымі наземнымі агнішчамі, разнастайныя прылады працыі зброя з крэменю, рога і косці, гліняны ляпны посуд, касцяныя ўпрыгажэнні.
З-за беднасці мясцовых запасаў сыравіны крамянёвыя вырабы нешматлікія: лістападобныя чаранковыя наканечнікі стрэл, коп’яў, разцы, скрабкі, нажы, рубячыя інструменты. Касцяныя і рагавыя вырабы прадстаўлены верацёнападобнымі і біканічнымі наканечнікамі стрэл, гарпунамі, кінжаламі, праколкамі, долатамі, цясламі і сякерамі, матыкамі з прасвідраванымі адтулінамі. Упрыгажэннямі, а таксама амулетамі-абярэгамі найчасцей служылі прасвідраваныя або наразныя зубы жывёл.
Ва ўжытку насельніцтва былі шырока адкрытыя прысадзістыя вастрадонныя гаршкі з грабеньчатымі тоўчаных ракавін і валакністых рэштак раслін у цесце, таксама акругладонныя міскі, у т.л. авальныя. Некаторыя пасудзіны пад краем венчыкаў мелі пояс глыбокіх круглых ямак. Знешнія паверхні сценак звычайна аздоблены разрэджанымі паясамі адбіткаў тонкага грэбеня, насечак, наколаў, пракрэсленымі лініямі. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам.
Нарвенская культура, асабліва на паўднёвай і паўдднёва-заходняй перыферыі, адчувала моцныя ўплывы іншакультурных плямён Панямоння і Падняпроўя.
У 2-й палове IV-га тыс. да н.э. ў паўднёва-ўсходнюю Прыбалтыку пачалася актыўная экспансія з усходняй Прыбалтыкі плямён культуры грабеньчата-ямкавай керамікі. На поўначы Беларусі пад іх уздзеяннем нарвенская культура змянілася і паступова трансфармавалася ва ўсвяцкую культуру сярэдняга неаліту.
Нарвенскую культуру звязваюць з прота-балтамі, прамымі продкамі балтаў, на падставе таго, што супадаюць яе паўночныя межы з распаўсюджваннем балцкіх гідронімаў і тапонімаў, што сустракаюцца ў Эстоніі, Фінляндыі, у Пскоўскай і Наўгародскай вобласцях. Нарвенская культура пануе там з сярэдзіны V тыс. да н.э. (4600/4300 г. да н.э.). Пасля таго, як культура грабеньчата-ямкавай керамікі адціснула нарвенскую культуру на поўдзень, ні ў які іншы час балцкія гідронімы не маглі там распаўсюдзіцца, апроч як у час нарвенскай культуры[1][2][3].