Аднагадовая, пагружаная ў ваду цёмна-зялёная расліна з доўгімі (10—60 см) парасткамі. Лісце лінейнае, па краях буйнавыемчатазубчастае. Похвы лісця з 1—2 добра прыкметнымі шырокімі зубцамі. Кветкі раздзельнаполыя, двухдомныя. Тычынкавыя кветкі з адной тычынкай, двухлопасцевым калякветнікам і пакрывалам, песцікавыя — без іх. Плод шырокаэліпсаідальны.
Пашырана ў Еўразіі. У Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўднёва-ўсходняй мяжы Еўрапейскага фрагмента арэала. Месцы росту: слабаэўтрофныя азёры з чыстай сярэднемінералізаванай вадой на глыбіні 200—250 см на пясчана-галечным грунце сярод шыракалістых рдзестаў. Расце групамі, часам утварае чыстыя зараснікі. Адзначана на возеры Белае ва Ушацкім раёнеВіцебскай вобласці[4].
Цвіце ў ліпені—жніўні, пладаносіць у канцы жніўня — пачатку верасня. Размнажэнне насеннае. Апыленне адбываецца пад вадой.
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5