Горад
Наініталь
नैनीताल
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Наініта́ль (англ.: Nainital, хіндзі: नैनीताल) — горад у індыйскім штаце Утаракханд, адміністрацыйны цэнтр рэгіёна Кумаон. Адзін з галоўных горных курортаў на поўначы Індыі. Насельніцтва (2001 г.) — 48 тыс. чал.
Наініталь размешчаны ў маляўнічай мясцовасці вакол возера Наіні, названым у гонар мясцовай багіні. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора — 1950 м. Найвышэйшы пункт — гара Чайна (2084 м). У межах горада і вакол яго растуць горныя дажджавыя лясы, пераважна з хваёвых парод. Вакол возера і ў лясах сустракаюцца розныя віды птушак, а таксама малпы.
Клімат умераны вільготны. Сярэдняя тэмпература ліпеня — +18,6° C, студзеня — +5,2° C. У зімовыя месяцы можа паніжацца ніжэй за 0° C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1636 мм. Найбольш вільготны сезон працягваецца з чэрвеня да канца верасня. Узімку на схілах гор выпадае снег.
Наініталь быў заснаваны брытанцамі ў 1815 г. як ваенная станцыя каля маляўнічага горнага возера Наіні. Дзякуючы ўмеранаму клімату ў летнія месяцы ён ператвараўся ў месца адпачынку для ваенных і чыноўнікаў, стомленых індыйскай спякотай. Папулярнасць Наініталя значна ўзрасла, калі адміністрацыйны цэнтр брытанскіх валоданняў у Паўднёвай Азіі быў перанесены з далёкай Калькуты ў Дэлі. У 1850 г. была створана гарадская адміністрацыя.
У 1947 г. Наініталь увайшоў у склад незалежнай Індыі. У 2000 г. — у склад штата Утаракханд.
Наініталь — буйны турыстычны цэнтр. Большасць турыстаў — жыхары самой Індыі і суседняга Непала, якія прыязджаюць адпачыць на прыродзе. Насельніцтва змешанае. Карэнныя жыхары — кумаоні — складаюць нязначную яго частку. У другой палове XX ст. з’явілася буйная тыбецкая абшчына. У горадзе дзейнічаюць індуісцкія, хрысціянскія, масонскія, будысцкія і мусульманскія храмы. Захаваліся брытанскія каланіяльныя будынкі. У горадзе працуе Кумаонскі ўніверсітэт, пры якім арганізаваны эка-пячорныя сады. Ёсць заапарк.
Наініталь — радзіма Джыма Корбета (1875—1955 гг.), легендарнага паляўнічага на тыграў, які спярша забіваў, а потым арганізаваў ахову гэтых жывёл.