Нованарвежская мова

Ню́но́рск[1], ці ню́но́шк (нарв.: nynorsk [nʏːnɔʁsk]) — адна з форм сучаснай літаратурнай нарвежскай мовы (разам з букмалам). У іншай трактоўцы — адна з афіцыйных пісьмовых моў Нарвегіі (другая афіцыйная мова — букмал (нарв.: bokmål), апроч таго, у некаторых камунах дадатковай афіцыйнаю моваю з'яўляецца адна з саамскіх).

Фарміраванне нованарвежскай мовы, якая першапачаткова называлася «мовай краю» (ландсмал, нарв.: landsmål), было пачата ў сярэдзіне XIX стагоддзя Іварам Осэнам. Осэн бачыў у сваім праекце «папраўдзе нарвежскую» альтэрнатыву дзяржаўнаму стандарту нарвежскай мовы таго часу — «дзяржаўнай мове» (рыксмал, нарв.: riksmål), якая была вельмі падобная да дацкай мовы. «Дзяржаўная мова» ў далейшым стала называцца «кніжнаю», букмал (нарв.: bokmål), і стала адною з дзвюх афіцыйных пісьмовых моў Нарвегіі.

У цэлым нованарвежская асноўваецца на заходненарвежскіх дыялектах і ўжываецца прыблізна дзясятаю доляй насельніцтва Нарвегіі. Пісьмовыя нормы ўсё больш набліжаюцца да букмала, але пры гэтым існуе хёгнорск (хёгношк, нарв.: Høgnorsk — «высокая нарвежская») — штучная норма, ачышчаная ад любых слоў з букмала. У нованарвежскай Вікіпедыі артыкулы на хёгношк размяшчаюцца ў асобнай катэгорыі.

У школах выкладанне вядзецца на абедзвюх мовах.

Зноскі

  1. Напісанне нюнорск паводле арт. Нарвежская мова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. С. 159.