Опера-балет (фр.: opera-ballet) — музычна-тэатральны жанр, у якім дзеянне раскрываецца сродкамі вакальнага і харэаграфічнага мастацтваў. Танцы ў оперы-балеце альбо служаць фонам дзеяння, суправаджаючы вакальныя эпізоды, альбо ўтвараюць самастайныя сцэны, якія дапаўняюць і развіваюць дзеянне вакальных эпізодаў. Спевы і танцы ў оперы-балеце раўнапраўныя, хоць у асобных канкрэтных творах можа быць перавага ў той ці іншы бок.
Склаўся ў Францыі на мяжы 17—18 ст. Яе вытокі ў прыдворным балеце 16 стагоддзя, камедыях-балетах, створаных Ж. Б. Люлі разам з Мальерам і інш.
Оперы-балеты вылучаюцца маляўнічасцю і дэкаратыўнасцю.
Звычайна ўключаюць пралог і 3-4 карціны, сюжэтна амаль не звязаныя, падпарадкаваныя толькі агульнай ідэі твора, у іх танцы чаргуюцца з рэчытатывамі, арыямі, ансамблямі і іншымі опернымі формамі. У адрозненне ад прыдворных балетаў і лірычных трагедый з алегарычнымі і міфалагічнымі сюжэтамі ў операх-балетах часта ўвасоблены вобразы рэальных асоб. У операх-балетах 17—18 стагоддзя пераважаў дывертысментны пачатак.
Найбольш яскравыя ўзоры опер-балетаў створаны А. Кампра («Галантная Еўропа », 1697; «Венецыянскі карнавал », 1699), Ж. Ф. Рамо («Галантная Індыя », 1735; «Святкаванні Гебы », 1739, і інш.).
У 19 — 20 стст. опера-балет не атрымала значнага распаўсюджвання. М. М. Фокін паставіў у выглядзе оперы-балета «Залатога пеўніка » М. Рымскага-Корсакава (1914, Рускі балет Дзягілева ). Сярод іншых твораў 19 — 20 ст.: «Перамога Вакха» А. Даргамыжскага (1848), «Млада» М. Рымскага-Корсакава (1890), «Снежная каралева» М. Раўхвергера (1965), «Тэатр цудаў» Х. В. Хенцэ (1948, 2-я рэд. 1965), «Давід Сасунскі» Э. Аганесяна (1976), «Вій» В. Губарэнкі (1980).
На Беларусі оперы-балеты ставіліся ў прыватнаўласніцкіх тэатрах сярэдзіны 18 стагоддзя, у т.л. «Шчаслівае няшчасце» Ф. У. Радзівіл у Нясвіжскім тэатры Радзівілаў (1752).