Орачэны (кіт.: 鄂伦春族) | |
Шаман
| |
Агульная колькасць | 10 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Кітай |
Мова | орачэнская |
Рэлігія | анімізм, культ продкаў, шаманізм |
Блізкія этнічныя групы | эвенкі, негідальцы |
О́рачэны або о́рачаны (кіт.: 鄂伦春族) — тунгуса-маньчжурскі народ, насельнікі Паўночна-Усходняга Кітая, пераважна ва Унутранай Манголіі і правінцыі Хэйлунцзян. Агульная колькасць (2010 г.) - каля 10 тыс. чал.
Назва орачэнаў сустракаецца ўжо ў XVII ст. і можа паходзіць ад тунгускіх слоў "алень" ці "горы". Да гэтага часу яны насялялі паўночны бераг ракі Амур і, магчыма, з'яўляліся адной з груп эвенкаў-аленяводаў. Аднак сутычкі з рускімі казакамі вымусілі іх перасяліцца на поўдзень.
У сярэдзіне XX ст. колькасць орачэнаў значна скарацілася. Улады КНР надалі ім афіцыйны статус нацыянальнай меншасці, які прадугледжвае пэўныя прывілеі, стымулявалі аселасць і сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Ва Унутранай Манголіі была створана орачэнская тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка. Аднак вынікам гэтых змен таксама стаў заняпад традыцыйнай культуры і роднай мовы орачэнаў.
Год | 1917 | 1943 | 1953 | 1982 | 1990 | 2000 |
Колькасць | 4000 | 3700 | 2250 | 4100 | 7000 | 8196 |
Галоўнымі заняткамі орачэнаў здаўна з'яўляліся паўкачавое паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства. Найбольш важным аб'ектам палявання з'яўлялася казуля. Орачэны наогул пазбягалі месц, дзе гэтая жывёла не жыла. Сушанае мяса казулі лічылася галоўнай ежай. Са скуры казулі шылі вопратку і абутак. Скуру здымалі з галавы разам з рогамі і выраблялі з яе шапкі. Паляванне на футравых звяроў мела больш камерцыйнае значэнне. Футра мянялі ў кітайцаў і манголаў на розныя тавары. Але мяса футравых звяроў таксама ўжывалася ў ежу. Раней орачэны славіліся як выдатныя стралкі з лука. Агнястрэльнай зброяй яны сталі карыстацца толькі ў XIX ст. Здабычай займаліся як мужчыны, так і жанчыны.
Земляробства з'явілася толькі ў сярэдзіне XX ст., аднак жывёлагадоўля была вядома здаўна. Орачэны трымалі коней, якіх выкарыстоўвалі для руху па гарах. Орачэнскія коні невялікія, затое вельмі цягавітыя, прывучаныя сілкавацца сушаным мясам і ягадамі.
Звычайным жытлом была разборная канічная каркасная канструкцыя з бярозавых жэрдак, якая накрывалася варанай бярозавай карай і шкурамі дзікіх жывёл. На швах для ўпрыгожвання прывязваліся скураныя пэндзлікі. У сярэдзіне жытла ладзіўся агмень. Падлогу рабілі двухслаёвую таксама са скуры, прычым на ніжнюю частку ішло да 50 скур. Верхняя частка хутка брудзілася, таму для яе бралі горшыя скуры, а часцяком і тканіны.
Орачэны падзяюцца на экзагамныя роды, шлюбы ўнутры якіх забаронены. Яны складаюцца з малых нуклеарных сем'яў. Глава сям'і — заўсёды мужчына.
Родная мова орачэнаў блізкая да паўднёвых дыялектаў эвенкійскай мовы, непісьменная. У наш час фактычна выцеснена кітайскай.
Орачэны вераць у шматлікіх духаў прыроды, а таксама духаў-абаронцаў сям'і і рода. Рэліквіі-абярэгі захоўваюць на тычцы над жытлом. Практыкуюцца шматлікія табу. Нябожчыкаў хаваюць у дуплах дрэў. Орачэны шануюць мядзведзя. Раней праводзіліся мядзведжыя святы, якія аднак скончваліся рытуальным забойствам звера. У мінулым важную ролю ў грамадстве таксама адыгрывалі шаманы саман і удаю.