Паданская раўніна | |
---|---|
італ.: Pianura padana | |
Каардынаты: 45°00′ пн. ш. 10°30′ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Італія |
Працягласць з поўначы на поўдзень | 200 км |
Працягласць з захаду на ўсход | 500 км |
Плошча | 46 тыс. км² |
Рэкі | рака По |
Паданская (Падана-Венецыянская) раўніна (ад лац.: Padanus — назва ракі По ў старажытных рымлян; італ. Pianura Padana або Val Padana, эміл.-рам. Pianûra Padâna) — раўніна на поўначы Італіі.
Размешчана паміж Альпамі, Апенінамі і Адрыятычным морам, пераважна ў басейне ракі По. Даўжыня каля 500 км, шырыня да 200 км (на ўсходзе).
Утварылася на месцы марскога заліва, размешчанага ў тэктанічным прагіне, у выніку запаўнення яго марскімі, рачнымі і флювіягляцыяльнымі адкладамі магутнасцю больш за 8 км. Паверхня пераважна плоская, паступова паніжаецца з захаду на ўсход ад 300—400 м да ўзроўню мора. У цэнтры Паданскай раўніны — гліністыя нізкія раўніны з урадлівымі алювіяльнымі глебамі, па краях — пясчана-галечныя высокія раўніны. У нізоўях ракі По асобныя ўчасткі ляжаць ніжэй за ўзровень мора.
Клімат пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Сярэдняя тэмпература студзеня ад 0 да 4 °C, ліпеня ад 22 да 24 °C. Ападкаў 600—1000 мм у год, максімумы вясной і ў пачатку лета, а таксама восенню. Устойлівае снежнае покрыва не ўтвараецца. Густая сетка рэк басейна По, Адыджэ, Брэнта і інш.
Важнейшая рака — По. Густая сетка арашальных, асушальных і суднаходных каналаў.
Шырокалістыя (дуб, каштан, ліпа, бук, вяз) і поймавыя (таполя, вярба) лясы, якія пакрывалі раней Паданскую раўніну, зараз высечаны. Лепш захавалася расліннасць трысняговых балот і тарфянішчаў (асабліва ў дэльтавых раёнах).
Паданская раўніна — жытніца Італіі; асноўныя сельскагаспадарчыя культуры — пшаніца, кукуруза, рыс; вінаграднікі, фруктовыя сады.
Асноўныя гарады: Мілан, Турын, Венецыя, Балоння.
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |