Пазлвуд

Пазлвуд

Па́злвуд (англ.: Puzzlewood; бел.: Загадкавы лес) — старажытны лес на захадзе вострава Вялікабрытанія у графстве Глостэршыр, Англія. Пазлвуд адносіцца да групы "старажытных лясоў", што існуюць па меншай меры з 1600 года. Ужо два стагоддзі лес з'яўляецца турыстычнай славутасцю. У пачатку ХІХ стагоддзя тут былі пракладзеныя сцяжынкі для прагулак пехатою даўжынёй у адну мілю. У Пазлвудзе і яго ваколіцах можна ўбачыць дзіўныя геалагічныя фармацыі, векавечныя дрэвы, трапіць у патаемныя пячоры.

Геалогія леса незвычайная. Тут дамінуюць фармацыі, вядомыя як Scowles, утвораныя шляхам эрозіі пячорных сістэм у каменнавугальных вапняках. Мільёны гадоў падняцця і эрозіі ўскрылі карставыя пячоры, тым самым стварыўшы мудрагелісты рэльеф. Эрозія стала добрай памочніцай старажытным гарнякам — у лесе маюцца сляды здабычы жалезнай руды адкрытым спосабам часоў Рымскай імперыі, а мо і даўнейшыя.

У 1848 годзе рабочыя знайшлі пазлвудскі скарб — больш за 3000 рымскіх манет у гліняных збанах, схаваных у адной з пячораў лесу. Адкуль яны тут узяліся — невядома.

Менавіта Пазлвуд быў адной з крыніц натхнення для Джона Толкіна, які любіў прагульвацца пакручастымі сцежкамі — лес стаў прататыпам Векавечнага лесу, Фангорна і іншых лясоў ва "Уладары пярсцёнкаў". Наведала славутаць і Джаан Роўлінг. Цяпер рысы Пазлвуда можна знайсці ў "забароненых лясах".