Горад
| ||||||||||||||||||||||
Паланга́[2] (літ.: Palanga) — горад у заходняй Літве, на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, утварае гарадское самакіраванне ў складзе Клайпедскага павета. Вядомы літоўскі курорт. Горад адносіцца да этнаграфічнага рэгіёну Жамойць.
Археалагічныя знаходкі сцвярджаюць, што чалавечыя паселішчы з’явіліся тут 5000 гадоў таму. У Х стагоддзі гэта тэрыторыя засялялася куршскімі плямёнамі. Упершыню Паланга згадваецца ў тэўтонскіх хроніках у 1253 годзе.
Паселішча мела важнае палітычнае значэнне: тут быў адзіны выхад Вялікага Княства Літоўскага да Балтыйскага мора, акрамя таго, Паланга знаходзілася паміж Тэўтонскім ордэнам з поўдня і Лівонскім ордэнам з поўначы. Згодна з паданнем у Паланзе жыла Бірута, жонка Кейстута, маці Вітаўта. Тэўтонскае войска некалькі разоў разбурала паселішча, але пасля Грунвальдскай бітвы Паланга канчаткова засталася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. З 1773 да 1775 года Паланга была перададзеная віленскаму біскупу Ігнацыю Масальскаму.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Паланга ўвайшла ў 1795 у склад Віленскай губерні, у 1796 — у склад Літоўскай губерні, у 1801 — у склад Літоўска-Віленскай губерні (1801—1840). У 1819 прыморскае мястэчка Паланга з акругай са складу Цельшаўскага павета былі перададзены ў склад Курляндскай губерні, але ў 1827 зноў вернуты ў склад Літоўска-Віленскай губерні, а пасля 23 красавіка 1829 зноў уключана ў склад Курляндскай губерні[3].
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай уладарамі паселішча былі Патоцкія, Несялоўскія, а ў 1824 годзе яго набыў Міхал Тышкевіч. Паланга належала Тышкевічам да 1940 года. З 1919 да 1921 года Паланга ўваходзіла ў склад Латвіі. Тэрытарыяльную спрэчку паміж Літоўскай Рэспублікай і Латвіяй разглядаў міжнародны суд Лігі Нацый і з 21 сакавіка 1921 года горад быў перададзены Літве. У 1933 годзе Паланга атрымала статус горада.
У 1897 годзе Тышкевічы пабудавалі тут выдатны палац, у якім пасля рэстаўрацыі ў 1963 годзе размясціўся музей бурштыну.
|