Палац Флавіяў (Domus Flavia) — антычны палацавы комплекс рымскіх імператараў на ўзгорку Палацін у Рыме.
Гэты палац быў пабудаваны імператарам з дынастыі Флавіяў Даміцыянам пасля разбуральнага пажару 80 года, пры якім згарэлі ранейшыя імператарскія палацы Domus Transitoria Нерона і Domus Tiberiana. Будаўніцтва было завершана ў 92 годзе.
Бо заходняя частка Палаціна была забудавана дамамі, а на ўсходняй вяршыні былі стромкія схілы, мясцовасць паміж вяршынямі была засыпана зямлёй. Дзякуючы гэтаму захаваліся руіны некаторых больш старажытных збудаванняў, напрыклад, рэшткі палаца Нерона, Зала Ізіс.
У комплекс палаца Даміцыяна ўваходзіў палац Аўгустаў і Domus Flavia, дзе праводзіліся афіцыйныя прыёмы і цырымоніі, і стадыён Даміцыяна.
У палацы размяшчалася некалькі буйных зал — трохнефная базіліка, дзе праходзілі судовыя паседжанні, Аўла Рэгія — тронная мармуровая зала (30×39 метраў), у нішах якога стаялі статуі, у апсідзе знаходзіўся трон імператара. У маленькім памяшканні побач з троннай залай быў ларарый, свяцілішча для сямейных богаў.