Паліва́льны панядзе́лак (руск.: Поливальный понедельник, укр.: Обливаний понеділок, Полеваний понеділок, Уливанка, Хлопский волочевник, славацк.: Oblévačka, чэшск.: Červené pondělí, польск.: Śmigus-dyngus, Polewanka, Lejek, венг.: Locsolkodás) — звычай аблівання вадой у панядзелак пасля Вялікадня, які існуе ў Польшчы і ў некаторых раёнах Заходняй Украіны.
У гэты дзень, напрыклад, на Гуцульшчыне, хлопцы вадзілі сваіх дзяўчат да ракі і аблівалі іх вадой на прыгажосць і здароўе, атрымліваючы за гэта пісанкі[1]. Ад гэтага звычаю, панядзелак атрымаў назву «палівальны». На Букавіне cветлы панядзелак звалі «улыванка», у гэты дзень хлопцы натоўпам хадзілі «купаць дзяўчат»: дзяўчыну выводзілі ў двор, яна нахіляла галаву, і кожны хлопец тройчы ліў ёй на шыю крынічную ваду, вымаўляючы: «Хрыстос уваскрос!»; пасля гэтага дзяўчына запрашала ўсіх да стала і кожнаму давала па дзве пісанкі. Дзяўчат улівалі — «каб не паршывелі», жанчын — «каб пазбавіліся болек»[2].
У палівальны панядзелак абліваць адзін аднаго і мінакоў вадой могуць не толькі дзеці і моладзь, але часам і людзі старэйшага ўзросту[3]. І, калі дарослыя людзі паліваюць толькі дзеля традыцыі, то дзеці могуць прыносіць нямала клопатаў, абліваючы людзей з ног да галавы[3]. У Закарпацце абліванне адбываецца тры дні: у першы дзень хлопцы паліваюць дзяўчат, на другі — дзяўчаты хлопцаў, на трэці — хто каго захоча[4].