Па́лій, або па́ліум (лац.: pallium — покрыва, накідка) — элемент літургічнага адзення Папы Рымскага і мітрапалітаў лацінскага абраду каталіцкай царквы. Раней апранаўся выключна мітрапалітамі і патрыярхамі. Уяўляе сабой вузкую стужку з белай воўны з вышытымі шасцю чорнымі, чырвонымі або фіялетавымі крыжамі. Тры з шасці крыжоў упрыгожаны залатымі іголкамі з каштоўнымі камянямі. На канцах — абшытыя чорным шоўкам кавалачкі свінцу. Носіцца па-над арнатам такім чынам, каб адзін канец палія звісаў спераду, а іншы — ззаду. Ва ўсходніх абрадах (праваслаўе і ўсходнекаталіцкія цэрквы) аналагам палія з’яўляецца амафор.
У Рыме 21 студзеня, у дзень Святой Агнешкі, пасля набажэнства асвячаюцца двое белых ягнят. Пасля гэтага іх прыносяць пад вокны Ватыканскага палаца, дзе Папа Рымскі зноў іх асвячае. Яны ўтрымліваюцца ў адным з жаночых манастыроў, дзе манашкі з воўны гэтых баранчыкаў вырабляюць палій. Папа асвячае яго перад святам Святых Апосталаў Пятра і Паўла, пасля чаго ўсю ноч асвячоны палій ляжыць на труне гэтых мучанікаў. У вялікія святы Папа Рымскі надзявае або пасылае новапрызначанаму мітрапаліту палій, які сімвалізуе адзінства епіскапа з Папам Рымскім.
Гістарычнае паходжанне палія звязана з сімвалам аблуднай авечкі, якую пастыр нясе на сваіх плячах (Мф. 18:12). Палій Папы сімвалізуе паўнату яго ўлады. Палій мітрапалітаў — знак падпарадкаванасці Папе і ўлады ў межах мітраполіі. Кодэкс кананічнага права Рымска-каталіцкай царквы гаворыць:
(палій) пазначае ўладу, якой мітрапаліт у зносінах з Рымскай Царквой надзяляецца па праве ў сваёй правінцыі[1] |
Папа апранае палій на кожнай літургіі. Паводле новага Кодэкса Кананічнага Права мітрапаліт можа насіць палій за кожнай Імшой, але толькі ў межах сваёй архідыяцэзіі [2].
У Старажытным Рыме палій — мужчынскае верхняе адзенне (накідка, плашч), якое адпавядае грэчаскаму гіматыю, выраблялася звычайна з лёну або воўны. Палій насілі пераважна рымляне-прыхільнікі грэчаскай культуры.
Каля IV стагоддзя ў хрысціянстве з’явілася традыцыя нашэння палія біскупамі. З VI стагоддзя на Захадзе існуе цырымонія ўручэння палія біскупам, прычым палій уручаўся не ўсім біскупам, а як знак асобага адрознення. У далейшым эвалюцыя гэтага элемента ўбору ішла на Усходзе і Захадзе рознымі шляхамі: так, на Усходзе права нашэнне амафора на літургіі атрымаў любы архірэй, у той час як на Захадзе нашэнне палія паступова стала прэрагатывай адных толькі архібіскупаў, а затым толькі мітрапалітаў. Формы паліяў на працягу гісторыі некалькі разоў змяняліся.