Панонска-русінская мова | |
---|---|
Саманазва | руски язык, руска бешеда, бачвансько-русская бешеда |
Краіны |
Сербія, Харватыя |
Рэгіёны | Ваяводзіна |
Агульная колькасць носьбітаў | |
Класіфікацыя | |
|
|
Пісьменнасць | кірыліца |
Моўныя коды | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-3 | rsk |
Ethnologue | rsk |
LINGUIST List | rue-par |
IETF | rsk |
Glottolog | pann1240 |
Панонска-русі́нская мова (таксама бачванска-русінская мова, югаслава-русінская мова, заходне-русінская мова, ваяводзінска-русінская мова, паўднёварусінская мова; саманазва: руски язик, руска бешеда) — тэрмін для пазначэння сукупнасці дыялектаў славянскае галіны індаеўрапейскай сям'і моў, распаўсюджаных сярод панонскіх русінаў на поўначы Сербіі і паўночным усходзе Харватыі, у прыватнасці, у гістарычным рэгіёне Бочкаі.
Дыялекты панонскіх русінаў збліжаюцца з заходнеславянскімі мовамі, асабліва славацкай, маючы пры гэтым фанетыку і лексіку ўсходнеславянскага паходжання. Апрача таго, адлюстроўвае пэўную ступень паўднёваславянскага ўплыву, атрыманага пры дапамозе кантактаў з носьбітамі сербскай і харвацкай моў.
Панонска-русінская мова мае афіцыйны статус у Аўтаномным Краі Ваяводзіна на поўначы Сербіі, дзе пражывае значная колькасць гістарычнай русінскай дыяспары[3].
Панонска-русінскія дыялекты ў галіне фанетыкі і лексікі генетычна збліжаюцца з усходнеславянскімі мовамі, аднак разам з тым мова адлюстроўвае значны ўплыў з боку славацкай мовы, якая адносіцца да заходнеславянскіх. Між іншага, назіраюцца рысы рускай [старабеларускай, стараўкраінскай] мовы, а таксама рускай мовы і расійскага ізводу царкоўнаславянскай мовы. Падобнае спалучэнне рысаў уласціва таксама дыялектам карпацкіх русінаў.
Сярод славацкіх рысаў для панонска-русінскіх дыялектаў характэрныя як агульныя, так і асобныя дыялектныя, напрыклад, шарыскіх і абаўскіх груп гаворак[4].
Пункты гледжання адносна лінгвістычнага статусу панонска-русінскіх дыялектаў не з'яўляюцца агульнапрынятымі: так, паводле сербскіх мовазнаўцаў панонска-русінскія дыялекты разглядаюцца як адна з славянскіх мікрамоў, у той час як ва ўкраінскай лінгвістыцы панонска-русінскія дыялекты лічацца аднымі з русінскіх дыялектаў (бачанска-срымскія), якія, у сваю чаргу, лічацца аднымі з дыялектаў украінскай мовы. Славацкія даследчыкі, а таксама некаторыя грамадскія арганізацыі, што ставяць на мэце прасоўванне ідэалогіі пра існаванне асобнага русінскага этнасу, разглядаюць панонска-русінскую мову як адзін з дыялектаў асобнай русінскай мовы. Акрамя гэтага, панонска-русінскія дыялекты могуць адносіцца да заходнеславянскіх моў, у прыватнасці, адрозненні між некаторымі ўсходнімі славацкімі і заходнімі русінскімі дыялектамі крайне нязначныя.
Пачатак адасаблення панонска-русінскіх дыялектаў прынята звязваць з міграцыяй русінаў з тэрыторый сучасных усходняй Славакіі і заходняй Украіны ў Бачку ў XVIII ст. Рэгіён папярэдняга пражывання продкаў панонскіх русінаў абумовіў шырокае ўспрыняцце заходнеславянскіх рысаў. Аналагічна карпацкім русінам, панонскія русіны ў пераважнай большасці з'яўляюцца грэка-каталікамі.
Кадыфікацыя мовы пачалася пасля выдання паэтычнага зборніку З мого села... (З майго сяла, 1904 г.), пасля якога ў 1910 і 1914 гадах апублікаваныя фальклорныя тэксты, сабраныя У. Гнацюком.
У 1923 годзе выдадзеная Граматика бачвансько-руськой бешеди Г. Касцельніка. У 1971 годзе М. Кошычам здзейсненая кадыфікацыя панонска-русінскіх дыялектаў у працы Правопис руского язика (Правапіс панонска-русінскай мовы), у 1974 годзе выпушчаная праца Граматика руского язика, абедзве складзеныя на кірыліцы. Цягам ХХ ст. распрацаваны навуковы, мастацкі, публіцыстычны, афіцыйна-дзелавы стылі мовы.
З 1970-х гг. у тагачаснай Югаславіі тагачасным панонскім русінам нададзеныя правы нацыянальнай меншасці, у выніку чаго стала мажлівым адкрыццё школаў і друкаванне падручнікаў на пісьмовай панонска-русінскай мове (выдадзена 250 падручнікаў). У Сербіі і Харватыі вядзецца публікацыя перыядычнай прэсы.
У Нові-Садскім універсітэце з гэтага ж перыяду ажыццяўляецца вывучэнне русінскай мовы[5], дзейнічаюць тэле- і радыёпраграмы з выкарыстаннем панонска-русінскай мовы: паводле звестак на 2001 год тэлерадыёвяшчальныя кампаніі Нові-Саду 3,8% уласнай прадукцыі транслявалі на панонска-русінскай мове, 0,2% — на ўкраінскай.
У пісьмовых мэтах у панонска-русінскай мове выкарыстоўваецца кірылічны алфавіт з 32 літар, мяккі знак у алфавіт часам не ўключаецца[6].
Алфавіт мае наступны выгляд: