Панталаса (ад стар.-грэч.: παν- «усё-» і θάλασσα «мора») — гіпатэтычны акіян, які абмываў, пачынаючы з сілурыйскага перыяду палеазою і да ранняга мезазою ўключна, суперкантынент Пангею і пакрываў каля паловы зямнога шара.
Велізарны заліў, названы морам Тэціс, удаваўся ў суперкантынент паміж будучымі Еўразіяй і Аўстраліяй. Акіян Панталаса бесперапынна пашыраўся, літасферныя пліты, якія атачалі яго, рассоўваліся ў бакі; прычынай гэтага руху быў спрэдынг акіянічнай кары, якая бесперапынна ўтваралася ў сярэдзінна-акіянічным хрыбце.