Пантонны мост — мост, які мае плывучыя апоры-пантоны. Разнавіднасцю пантоннага моста з’яўляецца наплаўны мост, які не мае адасобленых пантонаў — плывучымі з’яўляюцца самі пралётныя збудаванні. Асноўнае прымяненне пантонных мастоў — арганізацыя часовых перапраў праз водныя перашкоды пры аварыі або ў час рамонту пастаянных мастоў, у ваеннай справе, пры ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў і іншых. Аднак сустракаюцца і функцыянуюць таксама і пастаянныя пантонныя і наплаўныя масты (напрыклад у Паўлаве , Мураме, Бійску, Тарка-Сале).
Плюсам пантонных мастоў з’яўляецца іх транспартабельнасць (як па вадзе, так і па сушы ў разабраным стане), шпаркасць мантажу. Да недахопаў адносяцца стварэнне праблем для суднаходства, малая апорная здольнасць, залежнасць ад ветру, хваль і ўзроўню вады, немагчымасць эксплуатацыі ў перыяд крыгахода і ледаставу.