Панцырнікавыя (Lepisosteidae) — сямейства ганоідных рыб, адзінае ў атрадзе панцырнікападобных.
Даўжыня звычайна ад 75 см да 3-4 м, маса можа дасягаць 150 кг і больш. Цела пакрыта рамбічнай ганоіднай луской, якая ўтварае панцыр (адсюль назва). Сківіцы выцягнутагай пысы (нагадвае рыла кайманаў) з магутнымі зубамі канічнай формы. Восевы шкілет цалкам закасцянелы, на галаве ёсць покрыўныя (скурныя) косці. Промні жабернай перапонкі нешматлікія. Спінны і анальны плаўнікі кароткія, адсунуты да хваставога плаўніка. Унутры верхняй лопасці хваставога плаўніка працягваецца восевай шкілет (гетэрацэркальны плаўнік). Пырскальца адсутнічае.
Сценкі ячэістага плавальнага пузыра, злучанага з глоткай, пранізаны крывяноснымі сасудамі, што дазваляе рыбінам, якія жывуць у вадзе з нізкай канцэнтрацыяй кіслароду, выкарыстоўваць для дыхання атмасферны кісларод. У кішачніку маецца недаразвіты спіральны клапан.
Вядомыя з позняга мелу. Налічваецца 7 сучасных відаў. Жывуць у прэсных вадаёмах Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі (ад Вялікіх азёр да Коста-Рыкі, на в. Куба); некаторыя віды заходзяць у саланаватыя і марскія воды.
Сустракаюцца звычайна ў мелкаводных раёнах з густой расліннасцю.
Асноўная пажыва — рыба; здабычу падсцерагаюць у схованцы і наганяюць у рэзкім кідку. Могуць працяглы час ляжаць нерухома ў тоўшчы вады ці на яе паверхні.
Нераст у прэсных водах на мелкаводдзі.
Прамысловага значэння не маюць.