Патокава-ледавіковыя адклады

Флювіягляцыяльныя тэрасы

Пато́кава-ледавіко́выя адкла́ды[1], флювіягляцыяльныя адклады[1] — слаістыя адклады, якія ўтвораны патокамі расталых ледавіковых водаў. Адрозніваюць прыледавіковыя і ўнутрыледавіковыя адклады.

Озы ў Швецыі

Прыледавіковыя адклады ўтвараюцца перад ледавіком выцякаючымі з-пад яго краю талымі водамі. Ім уласціва хуткая змена па меры аддалення ад краю ледавіка грубых галечных і валунных пяскоў дробназярністымі пяскамі. Утвараюць зандры, флювіягляцыяльныя тэрасы.

Унутрыледавіковыя адклады ўтвараюцца талымі водамі ў падлёдных тунэлях, прамыінах і праталінах у тоўшчы ледавіка. Адрозніваюцца вялікай неаднастайнасцю складу, абумоўленай чаргаваннем ў разрэзе і зменай на плошчы назапашванняў валунных і галечных матэрыялаў, жвіру, дрэнна адсартаваных або добра прамытых пяскоў рознай буйнасці. Утвараюць камы, озы.

З патокава-ледавіковымі адкладамі звязаны радовішчы пяску, жвіру, прэсных падземных водаў.

Зноскі

  • Пато́кава-ледавіко́выя адкла́ды, флювіягляцыяльныя адклады // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 567. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Отложения водно-ледниковые // Геологический словарь: в 2-х томах. / Под редакцией К. Н. Паффенгольца и др. — М.: Недра, 1978. (руск.)