Пахмелле, алкагольны абстынентны сіндром, у шырокім сэнсе — сіндром (постэфект), які абмяжоўвае жыццядзейнасць чалавека, і які з’яўляецца наступствам ужывання падвышаных доз алкагольных напояў.
Інтэнсіўнасць і працягласць гэтага сіндрома, гэтак жа як і колькасць ужытага алкаголю для дасягнення сіндрому, залежыць у першую чаргу ад індывідуальных асаблівасцяў арганізма і асабістага досведу ва ўжыванні алкаголю. Лічыцца, што пахмелле можа наступіць на працягу некалькіх гадзін пасля ўжывання алкагольных напояў, і доўжыцца да трох дзён.[1]
Пахмелле можа мець наступныя сімптомы: сухасць у роце, ташната, рвота, галаўны боль, трэмар (дражанне ва ўсім целе), раздражняльнасць, пачырваненне вачэй, адчувальнасць да святла і шуму, болі ў канечнасцях, дыарэя, страта апетыту, дэпрэсія, стомленасць у спалучэнні са зніжэннем прадукцыйнасці кагнітыўных, прафесійных і прасторава-зрокавых навыкаў. Сімптомы пахмелля, хутчэй за ўсё, абумоўлены абязводжваннем арганізма, гарманальнымі зменамі, парушэннямі рэгуляцыі цытакінавых шляхоў і таксічным уздзеяннем алкаголю. Характэрныя фізіялагічныя прызнакі: павышаная праца сэрца пры нармальным перыферыйным сасудзістым супраціўленні, дыфузнае запавольванне на электраэнцэфалаграфіі (ЭЭГ) і павышаны ўзровень антыдыўрэтычнага гармона. Эфектыўнымі сродкамі аблягчэння сімптомаў з’яўляюцца рэгідратацыя (узнаўленне нармальнага водна-салявога балансу праз ужыванне вады), інгібітары простагландзінаў, вітамін B6, ужыванне вугляводаў.[2]