Пашто́вы блок, або па́мятны блок — у філатэліі спецыяльная форма выдання знакаў паштовай аплаты, надрукаваных на невялікім аркушы з палямі. З'яўляюцца філатэлістычным сувенірам, што не выключае магчымасці іх выкарыстоўвання ў якасці знакаў паштовай аплаты (у адрозненні ад сувенірных аркушаў).
Паштовыя блокі выдаюцца ў многіх краінах свету ў гонар выдатных падзей або юбілеяў. Іх мастацкае афармленне і знешні выгляд бываюць самымі разнастайнымі. Палі блока, як правіла, змяшчаюць памятныя тэксты (неслужбовага характару), малюнкі або іншае мастацкае афармленне. На блоку змяшчаюцца ад адной да, у асобных выпадках, 10—15 марак аднолькавага або рознага малюнка і наміналу, аб'яднаных адной тэмай або нагодай выпуску. Блокі бываюць рознымі па памеры і, як правіла, прамавугольнай формы. Маркі ў блоку могуць мець астраўную зубцоўку ці не мець яе. Паштовы блок з'яўляецца адзінкай уліку і прадаецца толькі цалкам, аднак маркі з яго ў большасці выпадкаў могуць выкарыстоўвацца для франкіроўкі паштовых адпраўленняў.
Паштовыя блокі, якія не маюць палёў і на якіх знак паштовай аплаты займае ўсю плошчу, часам называюць буйнафарматнымі маркамі. У шэрагу філатэлістычных каталогаў некаторыя з паштовых блокаў адносяцца да малых аркушаў. Існуе і спецыялізаваны каталог паштовых блокаў.
Часам на блоках друкуюцца іх унікальныя парадкавыя нумары ў накладзе канкрэтнага выпуску. У такіх выпадках кажуць, што гэта Нумарны блок. Прынята было лічыць, што гэта засцерагае ад фальсіфікацыі або наступных дадруковак. Такія блокі звычайна выпускаюцца абмежаванымі накладамі. Наяўнасць парадкавага нумара не з'яўляецца паштовай неабходнасцю, а мае выключна гандлёва-філатэлістычны характар. Нумарныя блокі выпускаюцца ў многіх краінах.
За папярэднікаў паштовых блокаў вызнаюць[1][2][3]:
Прынята лічыць[1][2][4], што першы ў свеце паштовы блок быў выпушчаны 3 студзеня 1923 г. у Люксембургу з нагоды народзінаў 22 снежня 1922 г. прынцэсы Лізаветы. Ён уключаў адну марку з выглядам Люксембурга, які выкарыстоўваўся ў ранейшым выпуску, наміналам у 10 франкаў, быў без надпісаў на палях і меў памеры ад 78 × 59 мм да 79 × 61 мм. Па наяўных звестках[5], першапачаткова планавалася выпусціць паштовую марку. Аднак у тыпаграфіі, атрымаўшы друкаваную форму адной маркі замест размножанай формы для 50-марачнага аркуша, з прычыны непаразумення вырашылі надрукаваць марку на асобных мініяцюрных аркушах — па адной на кожным. І толькі ў сакавіку таго ж года гэта марка была выдадзена ў выглядзе звычайных марачных аркушаў[1].
24 мая 1924 г. у Бельгіі выйшаў блок з чатырох пяціфранкавых марак, якія знаходзіліся на аркушы памерам 130 × 145 мм. Блок прадаваўся ў якасці сувеніра на Міжнароднай філатэлістычнай выставе ў Бруселі[1].
Адзін з найбольш буйных у свеце паштовых блокаў памерам 210 × 287 мм быў выдадзены ў ГДР у 1964 г. з нагоды 15-годдзя рэспублікі. Ён складаецца з 15 марак розных малюнкаў. Найменшы ў свеце блок памерам 52 × 36 мм, з'явіўся ў Румыніі ў 1947 г. і ўяўляў паштова-дабрачынны выпуск з надбаўкай (5000 + 5000 леяў) у фонд дапамогі галадаючым. Блок змяшчаў адну неперфараваную марку і не меў клею[5].