Персей

Персей
стар.-грэч.: Περσεύς
Персей забівае Мядузу (V ст. н. э.)
Персей забівае Мядузу (V ст. н. э.)
герой
Міфалогія Старажытнагрэчаская
Пол мужчынскі пол[1]
Бацька Зеўс
Маці Даная
Жонка Андрамеда
Дзеці Перс, Алкей, Элей, Гаргафона і інш.
У іншых культурах Q3476559?
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Персе́й (стар.-грэч.: Περσεύς) — герой старажытнагрэчаскай міфалогіі. Сын Зеўса і Данаі. Манарх Тырынфа. Пераможца гаргоны Мядузы і выратавальнік Андрамеды.

Паходжанне імя

[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што імя Персей паходзіць ад стар.-грэч.: περθω (літаральна «разбураць»)[2].

Персей паходзіў з валадарскай дынастыі Аргаса, заснавальнікамі якой з’яўляліся Інах і Фараней. Акрысій, валадар Аргаса і родны дзед Персея, з’яўляўся іх нашчадкам ў трынаццатым — чатырнаццатым пакаленні. Тройчы род працягваўся па жаночай лініі (Ніёба, Іо, Лівія), пры гэтым з мужчынскага боку яго працягвальнікамі выступалі багі Зеўс і Пасейдон. Акрысій даведаўся ад аракула, што будзе забіты ўнукам, таму зняволіў сваю дачку Данаю ў падземным палацы. Аднак Зеўс пракраўся да яе ў выглядзе залатога дажджу[3]. Ад іх сувязі нарадзіўся Персей.

Жонкай Персея з’яўлялася выратаваная ім Андрамеда, дачка эфіопскага валадара Кефея і яго жонкі Касіяпеі. Роднай ўнучкай Персея і Андрамеды з’яўлялася Алкмена, маці Геракла[4], а сын Перс лічыўся грэкамі заснавальнікам дынастыі Ахеменідаў.

У класічны перыяд Старажытнай Грэцыі было распаўсюджана паданне, быццам бы жыхары Аргаліды паходзілі ад дарыйцаў, прыведзеных на Пелапанес нашчадкамі Геракла. У гэтай сувязі некаторыя сучасныя даследчыкі мяркуюць, што Персей — герой ужо Мікенскага перыяда[5], але вядомая нам яго генеалогія мае больш позняе паходжанне. Персей і Геракл былі ўключаны ў яе ў першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. кіруючай дынастыяй Аргаса.

Міфалагічны цыкл

[правіць | правіць зыходнік]
Персей і Андрамеда, малюнак 1891 г.

Паводле падання, падчас наведвання Дэльфаў Акрысій, валадар Аргасаа, пачуў ад аракула прадвесце, што будзе забіты сваім унукам. Каб пазбегнуць прадказанага лёсу, Акрысій загадаў пасадзіць сваю адзіную дачку Данаю ў глыбокае падзямелле. Але Зеўс, прыцягнуты яе прыгажосцю, пракраўся ў выглядзе залатога дажджу праз шчыліны ў столі да дзяўчыны. У выніку іх сувязі нарадзіўся Персей. Акрысій не мог сам забіць хлопчыка, паколькі гэта магло выклікаць праклён на ўсю Аргаліду, таму загадаў пасадзіць Данаю з сынам у драўляную скрыню і спіхнуў яе з берага ў мора. Нерэіды выратавалі маці з сынам. Скрыня была выцягнута рыбаком з вострава Серыфас. Даная і Персей жылі пры двары мясцовага ўладара. Паводле версіі Вергілія, яны трапілі на італійскія бераг, і Персей выхоўваўся валадаром Лацыя.

Забойства гаргоны Мядузы

[правіць | правіць зыходнік]

Палідэкт, валадар Серыфаса, марыў ажаніцца на Данаі. Каб пазбавіцца ад Персея, які мог абараніць яе, і атрымаць доказ таго, што ён — сын самога Зеўса, Палідэкт угаварыў Персея забіць гаргону Мядузу, адзіную смяротную з трох сясцёр-гаргон, такую жахлівую на выгляд, што кожны, хто глядзеў на яе, ператвараўся ў камень. Пасланы Зеўсам Гермес, паведаміў хлопцу, дзе знайсці грай, старэйшых сясцёр гаргон, а таксама падараваў яму востры меч. Афіна перадала Персею адпаліраваны шчыт і параіла не глядзець на Мядузу.

Персей выправіўся на захад у краіну ночы. Ён выхапіў у грай іх адзінае вока і паабяцаў разбіць яго аб скалу, калі тыя не адкрыюць месца пражывання гаргон. Спужаныя граі былі вымушаны пакарыцца Персею. Востраў гаргон знаходзіўся далёка ў моры, але герою дапамаглі нерэіды. Яны ўручылі яму шлем, што рабіў яго нябачным, сандалі з крыламі і торбу, якая прымала памеры і форму ў залежнасці ад таго, што ў ёй знаходзілася. Персей дабраўся да вострава гаргон і ўзляцеў над ім на сандалях. З вышыні ён убачыў мноства статуй людзей, ператвораных Мядузай у камень. Гаргоны спалі не далёка ад берага. Гермес падказаў Персею, якая з трох гаргон — Мядуза. Каб самому не стаць камнем, герой быў вымушаны глядзець на яе праз адпаліраваны шчыт. Ён адсёк галаву Мядузы, і з яе цела выляцеў Пегас. Гаргоны прачнуліся і сталі шукаць забойцу сястры, але Персея выратаваў шлем нерэід. Ён пакінуў востраў гаргон, паклаўшы галаву Мядузы ў торбу.

Калі хлопец пралятаў над Лівіяй, некалькі кропель крыві Мядузы трапілі на зямлю і ператварыліся ў змеяў. Яны размножыліся, знішчылі ўсё жывое і стварылі пустыню.

Персей і Атлант

[правіць | правіць зыходнік]

Па дарозе да дому з вострава гаргон Персей спыніўся каля сада гесперыд. Тытан Атлас вырашыў, што ён з’явіўся, каб выкрасці залатыя яблыкі з сада. Каб абараніцца ад Атланта, Персей паказаў яму галаву гаргоны Мядузы. Атлас скамянеў і ператварыўся ў гару, якая трымае неба.

Выратаванне Андрамеды

[правіць | правіць зыходнік]

Калі Персей пралятаў над краінай эфіопаў, то ўбачыў прыкаваную ланцугамі да скалы Андрамеду, дачку мясцовага валадара Кефея, жонка якога Касіяпея пахвалялася сваёю прыгажосцю і гэтым абразіла нерэід. Марскія німфы паскардзіліся на эфіопскую валадарку свайму бацьку Пасейдону, і той наслаў на эфіопаў страшэнную марскую пачвару Кіта. Кіт руйнаваў краіну і пагражаў загубіць увесь народ. Каб ўласкавіць Пасейдона, Кефей і Касіяпея пагадзіліся аддаць на з’ядзенне пачвары сваю адзіную дачку Андрамеду.

Зачараваны дзяўчынай, Персей вырашыў дапамагчы ёй. З дапамогай чароўных сандаляў ён апусціўся на спіну Кіта і ўсадзіў у яго меч. Параненая пачвара стала біцца аб ваду. Пырскі намачылі крылы на сандалях. Каб пазбегнуць смерці, Персей быў вымушаны паказаць Кіту галаву Мядузы. Жывёліна скамянела і ператварылася ў востраў. Хлопец вызваліў Андрамеду і разам з ёй прыйшоў у палац да Кефея і Касіяпеі. Бацькі ўзрадаваліся шчасліваму выратаванню дачкі і пагадзіліся аддаць яе выратавальніку ў жоны. Падчас вяселля ў палац разам са сваякамі ўварваўся ўзброены жаніх Андрамеды, Фінэй. Персей зноў выкарыстаў галаву Мядузы і ператварыў нападнікаў у каменне.

Персей, Андрамеда, Кефей, Касіяпея і Кіт пазней былі ўзнесены на неба і ператвораны ў сузор’і Персея, Андрамеды, Цэфея і Кіта.

Пакаранне Палідэкта

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вяртання на Серыфас Персей даведаўся, што валадар Палідэкт у яго адсутнасць дамагаўся Данаі, якая была вымушана схавацца ў храме. Ён з’явіўся перад валадаром вострава, калі той рыхтаваўся да вяселля, і заявіў, што не дасць дазволу на шлюб маці. Палідэкт пачаў высмейваць Персея і нават абвінаваціў у невыкананні свайго задання. Тады Персей прад’явіў валадару галаву гаргоны Мядузы. Палідэкт толькі раз зірнуў на яе і скамянеў. Такім чынам, Даная была выратавана. Аднак Персею і яго маці прыйшлося пакінуць Серыфас і вярнуцца ў Аргаліду. Чароўныя рэчы ён вярнуў багам, а галаву Мядузы падараваў багіне Афіне.

Забойства Акрысія

[правіць | правіць зыходнік]

Калі Акрысій даведаўся, што яго ўнук вяртаецца, ён спужаўся і збёг з Аргаса да пеласгаў. Праз некаторы час валадар пеласгаў наладзіў спаборніцтва, на якія запрасіў герояў з усёй Элады. Прыехаў і Персей. Акрысій патаемна з’явіўся на гульні, каб пабачыць унука. Калі Персей кідаў дыск, то знянацку трапіў ім у галаву дзеда і забіў яго на месцы. Так спраўдзілася прароцтва аракула.

Пасля ненаўмыснага забойства Акрысія, Персей не здолеў кіраваць Аргасам, таму перасяліўся ў Тырынф, дзе валадарыў да самой смерці. Персею прыпісваецца заснаванне Мікенаў.

Зноскі