Першы ліст апостала Пятра | |
---|---|
Апостал Пётр пэндзля Мазачыа | |
Раздзел: | Новы Запавет |
Вікікрыніцы: | Пе́ршае саборнае пасланьне сьвятога Апостала Пётры
Тэкст на Вікікрыніцах |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Першы ліст апостала Пятра, Першы Сабо́рны ліст Свято́га Апо́стала Пятра́[1], Першае Сабо́рнае Пасла́нне свято́га Апо́стала Пятра́[2], 1-ы ліст Пётры[3], Пе́ршае пасла́ньне Пятра́[4] — адзін з лістоў апостала Пятра, які ўваходзіць у спіс кніг Новага Запавету. Змяшчаецца пасля ліста Якава перад другім лістом апостала Пятра.
У першым вершы аўтар звяртаецца да «прышэльцаў» — так у старадаўнія часы называлі яўрэяў, якія жылі у Дыяспары. Хутчэй за ўсё, апостал звяртаецца да хрысціян, у якіх няма зямной айчыны, большая частка якіх была з былых язычнікаў і якія жылі ў правінцыях Малой Азіі.
Ліст напісаны Пятром, самым блізкім паслядоўнікам Ісуса Хрыста. Ліст напісаны на вельмі добрай грэчаскай мове. Вядома, што, знаходзячыся ў Рыме, Пётр выкарыстоўваў паслугі перакладчыка. Магчыма, у напісанні яму дапамагаў яго паплечнік Сільван.
Абсалютная большасць хрысціян жыла ў варожым асяродзі і таму ўвесь час падвяргалася пераследванням і нападкам з боку суседзяў, былых сяброў, родных і гарадской беднаты. Таму апостал накіроўвае да вернікаў ліст натхнення, расповяд пра надзею, якая іх чакае на нябёсах. Ліст павінен прынесці вернікам мужнасць і дапамагчы ва ўзрастанні ў веры. Адначасова Петр звяртаецца і да біскупаў цэркваў, заклікаючы клапаціцца пра ўвераны ім Божы статак, тым самым ставячы за мэту падтрымаць арганізацыйную структуру маладой царквы.
Апостал хоча паказаць сваім чытачам, як яны могуць пражыць хрысціянскім жыццём у варожых адставінах. Таму гэты ліст можна назваць лістом пра пакуты, але, у той жа час, ён і ліст пра хрысціянскую надзею. Паколькі пакуты звязаны з іспытам сапраўднасці веры, то хрысціяне павінны радавацца пакутам, паколькі яны судзейнічаюць у пакутах Хрыста на Галгофе. Але не кожным пакутам трэба радавацца: толькі тады, калі вернікі падвяргаюцца ганенням незаслужана, яны пакутуюць за Хрыста. Калі вернікі сталіся сапраўднымі хрысціянамі, то яны павінны жыць свята і годна, каб у іх жыцці праслаўляўся Пан і Хрыстос. Святасць хрысціян праяўляецца ў перайманні Хрысту, у цярпенні, у няўхільным выкананні правіл маральнасці, у добрых адносінах да ўсіх: не толькі да братоў, але і да ўсіх людзей, у тым ліку і ворагаў. Таксама важныя ўзаемаадносіны ў сям’і, паміж рабамі і панамі.
Пётр засцерагае старшынь суполак аб небяспецы ганарлівасці і жадання заўсёды быць першымі, таму што Божы Суд распачнецца з Божага народу і будзе больш жорсткім да кіраўнікоў, таму што на іх узведзены абавязак наглядаць за Божым статкам. Таму святары павінны быць прыкладам як у служэнні, так і ў жыцці.
Лічыцца, што ліст быў напісаны напярэдадні ганенняў Нерона, прыкладна ў 62-64 гг. н.э. Месцам напісання лічыцца Рым, таму што ў канцы ліста апостал перадае прывітанне з Вавілону, а менавіта так першыя хрысціяне называлі сталіцу Рымскай імперыі.
Ліст падзелены на 5 раздзелаў. Ён пачынаецца з традыцыйнага прывітання і ўдзячнай малітвы да Бога. Потым аўтар звяртаецца да тэмы Выратавання і неабходнасці святога жыцця, павольна пераходзячы да тэмы пакутаў. Асаблівую ўвагу Пётр звяртае на практычнае жыццё вернікаў, пра іх абавязкі перад грамадствам, дзяржавай і Царквой. Тэма пакут праходзіць праз увесь ліст: у мінулым вернікі ўжо спазналі ганенні, але ў будучыні іх чакаюць новыя выпрабаванні. Таму яны павінны быць пільнымі, бо набліжаецца Божы Суд, калі кожны атрымае згодна таму, што ён рабіў. Ліст скончваецца парадамі да старшынь ды моладзі, а таксама прывітаннямі.