Перыптар

План перыптара: а — апістадом, б — наас,
в — пранаас

Перы́птар (стар.-грэч.: περίπτερος — акружаны калонамі, «кругакрылы»; ад περί — вакол і πτερόν — крыло, бакавая каланада) — асноўны тып старажытнагрэчаскага храма, прамавугольнае ў плане збудаванне, якое з чатырох бакоў атачае каланада.[1] Адлегласць ад яе да сцен нааса роўна аднаму інтэркалумнію.[2] Вакол з усіх бакоў часцей за ўсё ўжываўся дарычны ордар, калоны стаялі ў адзін рад.

Унутры перыптар звычайна складаўся з пранааса і нааса (лацінскае цэла), ззаду нааса звычайна рабіўся апістадом. Як і ў большасці храмаў, размяшчэнне ўваходу традыцыйна было на ўсходнім боку. Перыптар склаўся да пачатку VII ст. да н.э. і стаў найбольш распаўсюджаным тыпам храма ў перыяд архаікі.

Паняцце ўвёў Вітрувій, ім жа дадзена тыпалогія старажытнагрэчаскіх храмаў: мегарон, прастыль, амфіпрастыль, перыптар, дыптар.

Самы знакаміты з захаваных перыптараў — Парфенон афінскага Акропаля (447—438 гг. да н.э.). Да выкарыстання знешніх формаў перыптара звярталіся архітэктары заходнееўрапейскага класіцызму, неакласіцызму і ампіру XVII—XIX стст..

Зноскі