Перыядычныя ўласцівасці атамаў — такія ўласцівасці атамаў, як памер, энергія іанізацыі, ступень акіслення, звязаныя з электроннай канфігурацыяй атама. У іх змене з павелічэннем парадкавага нумара элемента прасочваецца перыядычнасць.
Атамы не маюць выразна вызначаных меж, што абумоўлена хвалевай прыродай электронаў. У разліках карыстаюцца так званымі эфектыўнымі, ці ўяўнымі, радыусамі, то-бок радыусамі шарападобных атамаў, якія зблізіліся паміж сабой пры ўтварэнні крышталя. Іх вылічаюць па рэнтгенаметрычных даных[1].
Радыус атама — важная яго характарыстыка. Чым большы атамны радыус, тым слабей утрымліваюцца знешнія электроны. І наадварот, з памяншэннем атамнага радыуса электроны прыцягваюцца да ядра мацней[2].
Энергія іанізацыі для элементаў аднаго перыяду ўзрастае злева направа з павелічэннем зарада ядра. У падгрупе яна памяншаецца зверху ўніз з прычыны павелічэння адлегласці электрона ад ядра[3].
Энергія іанізацыі звязана з хімічнымі ўласцівасцямі элементаў. Так, шчолачныя металы, энергія іанізацыі якіх малая, маюць ярка выяўленыя металічныя ўласцівасці. Хімічная інертнасць высакародных газаў звязана з іх вялікімі значэннямі энергіі іанізацыі. Атамы могуць не толькі аддаваць, але і далучаць электроны. Пры гэтым утвараюцца адпаведныя аніёны. Энергія, якая выдзяляецца ў выніку далучэння да атама аднаго электрона, называецца роднасцю да электрона . Роднасць да электрона, як і энергію іанізацыі, выражаюць у электрон-вольтах. Велічыня роднасці да электронаў вядома не для ўсіх элементаў; вымяраць яе дастаткова цяжка.