Песта (італ.: pesto, ад pestato, pestare — таптаць, расціраць, ціснуць) — папулярны соус італьянскай кухні на аснове аліўкавага алею, базіліка і сыра. Звычайна песта прадаецца ў маленькіх слоічках і мае спецыфічны зялёны колер. Існуе разнавіднасць соусу чырвонага колеру, калі ў соус таксама дадаюцца вяленыя на сонцы таматы.
Паходзіць з паўночнай Італіі, з рэгіёна Лігурыя, галоўным чынам — з Генуі (pesto alla genovese). Лічыцца, што песта вядома яшчэ з часоў Рымскай імперыі, аднак першае дакументальнае сведчанне пра прыгатаванне такога соусу адносяць да 1865 года.
Класічны Pesto alla Genovese гатуецца з дапамогай мармуровай ступкі і драўлянага песціка, з базіліка, вырашчанага ў наваколлях Генуі, солі, часнаку, насення пініі, лігурыйскага аліўкавага алею extra virgin (першага адціску) і сыра пекарына. У таннейшых версіях соусу замест насення пініі выкарыстоўваецца грэцкі арэх ці кеш'ю, пекарына таксама замяняецца таннейшымі сырамі (пармезанам ці грана падана).
Найболей часта песта ўжываецца з макаронамі, пры прыгатаванні супоў, з крэкерамі ці намазваецца на хлеб.
У французскай гістарычнай вобласці Праванс існуе свой варыянт соусу — пісту (фр.: pistou), у які звычайна не дадаюцца арэхі.
У Аўстрыі з гарбузовых семак гатуюць гарбузовы песта. У Германіі таксама гатуюць свой варыянт соусу, выкарыстоўваючы замест базіліка чарэмшыну.
Песта на Вікісховішчы |