Пешыта | |
---|---|
![]() | |
Поўная назва | ܡܦܩܬܐ ܦܫܝܛܬܐ mappaqtâ pšîṭtâ |
Іншыя назвы | Peshitta, Peshittâ, Pshitta, Pšittâ, Pshitto, Fshitto |
Мова | Сірыйская мова |
Канон | Сірыйскі |
Пешыта (сір. ܦܫܝܛܬܐ, пшыта — «простая, агульная, зразумелая, вульгата», часам Сірыйская Вульгата) — стандартная версія Бібліі для цэркваў у сірыйскай традыцыі.
Стары Запавет перакладаўся на сірыйскую мову з іўрыту прыкладна ў II стагоддзі н. э. Новы Запавет быў перакладзены з грэчаскай[1]. Гэты Новы Запавет, у якім пачаткова адсутнічалі пэўныя спрэчныя кнігі (2 Пятра, 2 Яна, 3 Яна, да Іўдзеяў, Адкрыццё), стаў стандартам да пачатку V стагоддзя. Пяць выключаных кніг былі дададзены ў Гаркельскай версіі (616) Фамы з Гаркеля[2]. Аднак у 1905 «Пешыта» Аб'яднанага Біблейскага таварыства выкарыстала новыя выданні адсутных кніг, падрыхтаваныя ірландскім сірыязнаўцам Джонам Гвінам .
Назва «Пешыта» паходзіць з сірыйскага mappaqtâ pšîṭtâ (ܡܦܩܬܐ ܦܫܝܛܬܐ), што літаральна перакладаецца як простая версія. Магчымы таксама пераклад слова pšîṭtâ як агульны (то бок, для ўсіх людзей), альбо звычайны. Слова, запісана сірыйскімі літарамі, можа быць транслітаравана ў лацінцы некалькімі спосабамі: Peshitta, Peshittâ, Pshitta, Pšittâ, Pshitto, Fshitto.
Старазапаветныя кнігі Пешыты лічацца найранейшым узорам сіра-арамейскай літаратуры. У адрозненне ад большасці першых Цэркваў, якія грунтавалі свае пераклады Старога Запавету на Септуагінце, сіра-арамейскія цэрквы выкарыстоўвалі пераклад наўпрост з іўрыту. Іўдзейскія тэксты, якія паслужылі крыніцай для перакладу, відавочна, з'яўляліся практычна ідэнтычнымі масарэцкаму тэксту сярэднявечнага і сучаснага варыянтаў Іўдзейскай Бібліі (за выняткам Кнігі Ёва). У цяперашні час страціла падтрымку гіпотэза, паводле якой Пешыта была заснавана на перакладзе арамейскага Таргума. Тым не менш, у тэксце сірыйскага Старога Запавету заўважны элементы ўплыву Таргума (асабліва ў Пяцікніжжы Майсеевым і ў Хроніках) з нязначнымі інтэрпрэтацыямі сірыйскіх рэдактараў. Стыль і ўзровень перакладу старазапаветных кніг Пешыты даволі моцна адрозніваецца ў розных частках пісання. Некаторыя часткі маглі быць перакладзены сірамоўнымі іўдзеямі да з'яўлення хрысціянскай царквы, іншыя ж маглі быць перапрацаваныя першымі пахрышчанымі іўдзеямі. Паколькі сірыйская мова — гэта эдэскі дыялект арамейскай, найбольш верагодна, што пераклад здзяйсняўся менавіта ў рэгіёне горада Эдэса. Разам з тым, не выключана, што Арбела і Адыябена, з іх магутнай іўдзейскай дыяспарай, таксама маглі з'яўляцца радзімай перакладу. Некаторыя даследчыкі таксама паказваюць на пэўныя элементы тэксту, верагодна заходне-арамейскага паходжання, што дазваляе лічыць радзімай перакладу Палесціну або Сірыю.