Плакемінская культура Бронзавы век | ||||
---|---|---|---|---|
У складзе | Місісіпская археалагічная культура | |||
Геаграфічны рэгіён | Паўночная Амерыка | |||
Лакалізацыя | ЗША | |||
Датаванне | 12 стагоддзе — 17 стагоддзе | |||
Носьбіты | індзейцы | |||
Тып гаспадаркі | земляробства | |||
Пераемнасць | ||||
|
||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Плакемінская культура (англ.: Plaquemine culture) — археалагічная культура ў ніжняй плыні ракі Місісіпі на поўдні ЗША. Сфарміравалася да 1200 г. як частка буйной Місісіпскай культуры. Праіснавала да XVII ст.
Нашчадкамі Плакемінскай культуры лічацца індзейцы натчэз.
Назва Плакемінскай культуры паходзіць ад гарадка Плакемін у штаце Луізіяна, дзе ў міжваенны перыяд XX ст. арганізоўваліся археалагічныя раскопкі.
Лічыцца, што Плакемінская культура ўзнікла на аснове папярэдняй культуры Коўлс-Крык. Знаходзілася пад моцным уздзеяннем Кадаанскай культуры, што сфарміравалася на захадзе. Яе прынята ўключаць у большую Місісіпскую археалагічную культуру. У перыяд свайго росквіту ў XIV — XVI стст. ахоплівала рачныя даліны аж да зліцця рэк Місісіпі і Арканзас (тэрыторыі сучасных штатаў Луізіяна, Місісіпі і Арканзас). Вылучаюць некалькі буйных цырыманіяльных цэнтраў, што дамінавалі ў пэўныя перыяды. Вучоныя мяркуюць, што носьбіты Плакемінскай культуры падзяляліся на некалькі вялікіх супольнасцяў і кіраваліся спадчыннымі правадырамі. Паміж імі існавалі канкурэнцыя і лакальныя войны.
Пасля іспанскай экспедыцыі на чале з Эрнанда дэ Сота у 40-х гг. XVI ст. Місісіпская культура пацярпела ад распаўсюджвання новых эпідэмічных захворванняў. Ціск з боку сіўанскіх плямён, што рушылі ў даліну Місісіпі ад ракі Агая, вымушаў выжылых перасяляцца на поўдзень у межы Плакемінскай культуры. Таму ў другой палове XVI ст. яна зведала значныя змены. Пазней французскія вандроўнікі сустрэлі ў ніжняй плыні Місісіпі народ натчэз, што захоўваў многія рысы Плакемінскай культуры перыяду росквіту, у тым ліку арыгінальную кераміку. Менавіта натчэз атаясняюць з носьбітамі Плакеміна. Чыкаса і іншыя плямёны маскогскай групы атаясняюць з познімі перасяленцамі з поўначы або ўсходу. Яны ўвабралі некаторыя рысы Плакеміна, аднак мелі рысы, што набліжалі да іншых лакальных Місісіпскіх культур.
Для Плакемінскай культуры характэрны адносна невялікія паселішчы са штучнымі пірамідальнымі насыпамі з усечанай вяршыняй. Звычайна ў адным паселішчы існавалі 1 — 3 насыпы. На вяршыне ўсталёўваліся храм, стадол, магільня або абшчынная пабудова. Узвядзенне насыпаў уключала некалькі этапаў. Паверх старых з’яўляліся новыя, таму на працягу стагоддзяў яны павялічваліся ў памерах. Першапачаткова пабудовы на вяршыні мелі круглявыя абрысы, але потым пераважалі чатырохкутныя. Гэта было звязана з распаўсюджаннем слупавых канструкцый. Паміж 4 драўлянымі слупамі ладзіўся тын, які абмазваўся глінай. Насып з’яўляўся цэнтрам адкрытай пляцоўкі. Вакол яе месціліся двары з некалькімі жылымі хацінамі. На бакавых частках насыпаў знаходзяць рэдкія пахаванні, каменныя дыскі для рытуальных гульняў, рэшткі керамікі.
Кераміка выраблялася ўручную, бо ганчарнае кола яшчэ не было вядома. Гліна для керамікі ўтрымоўвала вялікую колькасць крэмнія. У яе дадавалі глей і вапну з ракавін малюскаў, потым раскатвалі ў форме пласціны і ўжо ёй надавалі патрэбную форму. Керамічныя вырабы размалёўваліся, а потым пракальваліся ў вогнішчы. На многіх вырабах ёсць дзяржальні для пераноскі.
Носьбіты Плакемінскай культуры займаліся ручным земляробствам, рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. З-за спецыфікі ежы было распаўсюджана жалезадэфіцытнае малакроўе. Пераважалі пашыраныя сем’і. Грамадства з’яўлялася іерархічным. Буйныя правадыры кантралявалі значныя тэрыторыі. Ім падпарадкоўваліся дробныя правадыры. Улада перадавалася па спадчыне. Канкістадоры з экспедыцыі Эрнанда дэ Сота ўзгадвалі краіну Quigualtam на ўсходнім беразе Місісіпі. Яна з’яўлялася адным з найбуйнейшых аб’яднанняў позняй Плакемінскай культуры.