«Плю́шавы дэса́нт» альбо «мядзведзіроўка» — акцыя шведскіх лётчыкаў, якія 4 ліпеня 2012 года вылецелі з аэрадрома ў Пацюнаі (Літва, Каўнаскі раён), перасяклі межы беларускай паветранай прасторы ў раёне Дзіевянішкеса (побач з Шальчынінкаем і Іўем), праляцелі на Івянцом[1] і, па некаторых меркаваннях, ляталі нават над Мінскам[2]. Паводле сведчанняў, яны скідвалі з самалёта пакеты з парашутамі, на якія былі прывязаны цацачныя мядзведзі з улёткамі, што заклікалі да выканання свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь. Пілоты заяўляюць, што ў выпадку затрымання беларускімі ўладамі яны планавалі знайсці прытулак у пасольстве Швецыі і што ў раёне Мінска іх выклікалі дыспетчары мінскага аэрапорта. У мэтах пілотаў спачатку быў намер скінуць цацкі на рэзідэнцыю прэзідэнта Беларусі, але потым пілоты пабаяліся гэта рабіць[3].
Паводле словаў пілотаў, што прымалі ўдзел у акцыі[4], яны прабылі на тэрыторыі паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь прыкладна 1—1,5 гадзіны і без цяжкасцей вярнуліся ў Літву.
Прадстаўнікі ваенна-паветраных сіл Літвы паведамлялі выданню Lietuvos rytas аб факце парушэння паветранай прасторы[5].
Жыхары Івянца сведчаць аб тым, што бачылі пралёт самалёта над пасёлкам і скідванне цацак на зямлю. Таксама некаторыя сведкі інцыдэнту адзначаюць, што мясцовая міліцыя аператыўна сабрала скінутыя на Івянец цацкі[6]. Мясцовыя жыхары баяліся таго, што цацкі могуць быць атручанымі і ўвогуле баяліся рэакцыі ўладаў, якія маглі даведацца пра тое, што жыхары з’яўляліся звычайнымі сведкамі інцыдэнту[7]. Паводле інфармацыі газеты «Наша Ніва», знайшоўся жыхар мікрараёна Сухарава, які здолеў атрымаць адну з цацак, што прызямлілася ў мікрараёне[8].
На фота[9] і відэа[10][11] бачны сведчанні палёту неідэнтыфікаванага самалёта над беларускай мясцовасцю: у відэа бачная частка івянецкага краявіду і панарама аднаго з мікрараёнаў, які некаторыя чытачы беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў ідэнтыфікуюць як мікрараён Малінаўка альбо Сухарава. Іншыя чытачы лічаць інцыдэнт грубай фальсіфікацыяй, зробленай у палітычных мэтах.
Палёт шведскага самалёта над Беларуссю быў неаднаразова параўнаны з пералётам і прызямленнем на Краснай плошчы ў Маскве Маціяса Руста 28 мая 1987 года[12].
Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь лічыць факт пранікнення замежнага самалёта ў беларускую паветраную прастору парушэннем яе цэласнасці[13].
КДБ Беларусі арыштаваў Антона Сурапіна — чалавека, які фатаграфаваў плюшавых мядзведзікаў[14].
26 ліпеня 2012 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызнаў факт парушэння мяжы[15], а 31 ліпеня адправіў у адстаўку старшыню беларускага пагранічнага камітэта генерал-маёра Ігара Рачкоўскага і камандуючага войскамі СПА Беларусі генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна[16]. Да таго ж Лукашэнка пазбавіў пасады і віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса[17].
7 жніўня фігурантам справы — Антону Сурапіну і Сяргею Башарымаву — прад’яўленыя афіцыйныя абвінавачванні[18][19][20]. 28 чэрвеня 2013 г. першы намеснік старшыні КДБ Ігар Сяргеенка паведаміў аб закрыцці крымінальнай справы аб «плюшавым дэсанце».[21] З А. Сурапіна і С. Башарымава былі знятыя ўсе абвінавачванні.